Востраў: 500 гадоў гісторыі
З году ў год разнастайныя творчыя праекты, распрацаваныя і рэалізаваныя супрацоўнікамі Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, становяцца пераможцамі, прызёрамі, лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Вось і напрыканцы мая чарговае пацвярджэнне прафесіяналізму ляхавіцкіх бібліятэкараў прыйшло з Мінска. Названы пераможцы прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».

У намінацыі «Пошукавая і даследчая праца» перамогу атрымаў творчы праект Востраўскай сельскай бібліятэкі – інтэрактыўны рэсурс «Мястэчка Востраў: 500 гадоў гісторыі».
Уяўляеце, у 1915 годзе сённяшні аграгарадок Востраў Ляхавіцкага раёна быў электрыфікаваны. Па усёй вёсцы былі ўста-ляваны электрычныя слупы, для абслугоўвання адміністрацыйных будынкаў прывезены генератар. Бачылі калі-небудзь пашпарт каня ці дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі? Гэтыя і іншыя звесткі – толькі маленькая частка маштабнай даследчай працы.
– Рэсурс уключае сем падраздзелаў, змест якіх адлюстроўвае гісто-рыю населенага пункта Востраў з моманту яго заснавання ў 1482 годзе і да нашых дзён. Як жа гэта было цікава і нават захапляльна шукаць матэрыялы ў розных крыніцах, размаўляць са старажыламі, каб як мага больш даведацца пра колішнія і сённяшнія падзеі ў нашым населеным пункце, а потым перадаць гэту інфармацыю сённяшнім і будучым пакаленням. Там столькі фактаў, пра якія сённяшнія вастраўчане нават і не ведалі! Як, напрыклад, тое, што ў 1916–1917 га-дах праз Востраў праходзіла вузкакалейная чыгунка. Цягнікі, якія перавозілі ў асноўным драўніну, адпраўляліся са станцыі Таварная ў Баранавічах і рухаліся па маршруце «Баранавічы – Заліпенне».
Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя хадзіў і пасажырскі цягнік з пяццю вагонамі. Людзі ездзілі за хлебам, цукрам, вопраткай, на продаж у горад вазілі рыбу, грыбы, ягады. У 1950-х гадах ветка была разабрана, – расказвае бібліятэкар Востраўскай СБ Галіна Салавей (на здымку), якая працуе тут чатыры дзесяцігоддзі.
Віртуальная экскурсія ў мінулае заварожвае з першых старонак, фотаздымкаў. Вось яшчэ некалькі цікавых дакументальна пацверджаных фактаў. У 1886 го-дзе ў Востраве – цэнтры аднайменнай воласці – налічвалася 74 двары і 1 040 жыхароў. Акрамя таго, тут знаходзіліся валасное праўленне, праваслаўная царква, капліца. На адлег-ласці адзін кіламетр ад сяла знаходзілася сядзіба Востраў, дзе працавалі ва-дзяны млын і вінакурня. А праз 11 гадоў у Востраве працавалі народнае вучылішча, тры крамы, хлебазапасны магазін. Пра здароўе вастраўчан і жыхароў бліжэйшых вёсак і хутароў клапаціліся ў мясцовай земскай бальніцы, яе адкрылі ў 1912 годзе. І Востраў спазнаў на сабе ліхалецце Першай сусветнай вайны, пра што сведчыць адпаведны раздзел даследавання. Не абышлі бокам Востраў Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года і Грама-дзянская вайна. І сёння пра той неспакойны час нагадвае брацкая магіла, дзе пахаваны шэсць салдатаў (прозвішчы пяці вядомыя) 8-га пяхотнага палка, якія загінулі 25 сакавіка 1919 года падчас савецка-польскай вайны. Востраў увайшоў у склад Заходняй Беларусі і апынуўся пад акупацыяй Польшчы. Але тутэйшыя жыхары не жадалі жыць пад прыгнётам і ў 1932 годзе стварылі падпольную арганізацыю Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якую ўзначаліў Уладзімір Гоўша, дзейнічала і падпольная камсамольская арганізацыя пад кіраўніцтвам Васілія Петрашэвіча. З радасцю сустракалі вастраўчане гістарычнае далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, уладкоўвалі новае жыццё ў свабоднай краіне. Але мірны час быў нядоўгім – пачалася Вялікая Айчынная вайна. На франтах змагаліся больш за 100 жыхароў Вострава, 47 з іх загінулі і прапалі без вестак. Удзячныя нашчадкі шануюць памяць пра сваіх продкаў, якія перамаглі фашызм. У аграгарадку – дзве брацкія магілы савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў баях за Радзіму ў 1941–1944 гадах. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай у Вострава пачалася новая гісторыя. Першы калгас «Шлях да камунізму» тут быў створаны ў 1950 годзе, яго пераемнікам стала цяперашняе СУП «Ліпнянка».
Час ляціць хутка, і вось ён, Востраў ХХІ стагоддзя ў статусе аграгарадка, атрыманым у 2011 годзе, цэнтр Востраўскага сельсавета, у складзе якога 11 населеных пунктаў. А землякі пішуць чарговыя старонкі востраўскага летапісу.
Галіна КАНЬКО.



