Выхадныя ў сельскім стылі

У былой сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове ў мінулую суботу зноў  гучала музыка і ладзіліся танцы. Па-сённяшня-му – сучаснаму – вяскоўцы адзначалі дзень культуры на сяле, а па-свойску, родна-звыкламу – чаканае і любімае свята вёскі.
Генрыха Траццяка прадстаўляць не трэба: паважаны чалавек у вёсцы, у раёне, вядомы далёка за межамі Ляхавіччыны. Ён у такі важны дзень таксама ў справе. Яшчэ з раніцы разам з вакальным ансамблем «Жытніца» з віншавальнай паштоўкай гасцяваў у ветэрана вайны Адама Галавача.

А пасля ўсіх запрасілі ў культурны цэнтр Флер’янова. У былой сядзібе Бохвіцаў, дзе сёння гаспадараць Генрых і Ларыса Траццякі, ушаноўвалі старэйшых жыхароў вёскі Аляксандру Сапега і Ганну Суднік. Асобнае прывітанне яе маленькім жыхарам –
Яраславу Алексічу і Арцёму Шадуру.
У гэтай вёсцы са шматдзетным шчасцем – сапраўды шчасце! Мамы Таццяна Варатынец, Алена Сідор, Ганна Пашкевіч выхоўваюць па чацвёра дзетак. А яшчэ Флер’янова можа пахваліцца самымі моцнымі сямейнымі парамі – 35 гадоў разам Марына і Яўгеній Пяткевічы, 30 – Анатолій і Ірына Пажогі, 25 – Валянціна Равінская і Уладзімір Курыла.
Лепшыя двары ў Ірыны Пажогі і Валянціны Равінскай. Выставы, рыцарскія баі, шыкоўная канцэртная праграма з флер’яноўскім каларытам –  гэта непаўторна і незабыўна! Не засталіся ў баку і добрыя сябры – ТАА «Фермент».
А ў нядзелю «запалілі» добрым настроем і энергіяй у Рачканах. Там таксама адзначалі свята вёскі. Сярод гасцей – і эмэнэснікі, якія прыехалі з падарункамі: прапанавалі моцнай палове прайсці квэст-гульню «Першы выратавальнік на вёсцы». Давялося пазмагацца, каб сябе так назваць: правільна выклікаць экстранныя службы, хутчэй за саперніка апрануць спецформу, хутка зрэагаваць на разбіты тэрмометр (але замест іртуці выратавальнікі спраўляліся з… бісерам), прывесці ў рабочы лад АПА. Прадэманстравалі тэарэтычныя веды ў мабільным дадатку МНС «Дапамога побач». У выніку сувеніры з сімволікай службы атрымаў Віктар Аўраменка.
Дзеткі ж забаўляліся на пляцоўцы «Самы спрытны выратавальнік»: спявалі, адгадвалі загадкі, спаборнічалі на хуткасць, прымервалі эмэнэсаўскае абмундзіраванне.
І, канешне, увага тым, каго ў Рачканах лічаць старажыламі, – Марыі Калбаса, Марыі Папко, Марыі Сіцько. Самая юная вяскоўка Ульяна Сергель нарадзілася 27 жніўня 2018 года. Уладальнікамі самых гаспадарлівых падворкаў сталі Таццяна Болтуць, Юлія Цыкман, Аліна Брэчка і Леаніда Важжова.
А настрой свята стваралі сама-дзейныя артысты з Русінавіцкага СДК і Агарэвічаў Ганцавіцкага раёна.
Маргарыта Кухта.

Фота з архіва Русінавіцкага СДК