Колас паспеў. Гаспадаркі Ляхавіцкага раёна выйшлі на ўборку збожжавых

У механізатарскай прафесіі Аляксандр Дубіна больш за два дзясяткі гадоў, з іх 15 сезонаў – за штурвалам камбайна.

Жніўны дэбют на хлебных палетках раёна адбыўся роўна тыдзень назад. Прыйшоўся акурат на выхадныя дні, калі абсалютная большасць з нас адпачывала. Але гэта не пра працаўнікоў сельскагаспадарчай нівы, для якіх наступілі адказныя і напружаныя працоўныя будні. Збожжаўборачныя камбайны вывелі на поле пакуль толькі ў ДП «Нача» і ЗАТ «Белпрампрыбор» – менавіта тут вырошчвалі азімы ячмень.
Ужо і ўбралі: «Нача» на кожным з 26 сваіх гектараў атрымала каля паўсотні цэнтнераў зерня. «Белпрампрыбораўскія» пасевы на старце складалі крыху больш за 80 гектараў, кожны з якіх урадзіў у сярэднім на 40 цэнтнераў.
Ураджай нядрэнны, што пацвердзіў адзін з раённых першапраходцаў жніва-2019 старшы камбайнер з «Белпрампрыбора» Аляксандр Дубіна – механізатар з больш як дваццацігадовай хлебаробскай практыкай. Камбайн у Аляксандра Канстанцінавіча хоць і не новы, але для сваіх «сямі плюс» палявых сезонаў выглядае досыць рэспектабельна, «размаўляе» роўна.
– Перад сезонам усё перагледзеў: што падлягала замене – заменена. З запаснымі часткамі і расходнікамі вострых сітуацый не ўзнікала. Дакладныя дарэгуліроўкі выконваліся ўжо непасрэдна ў полі. Кожная раніца пачынаецца з абслугоўвання тэхнікі, – тлумачыць камбайнер.
А за ячменем азімым паспеў яравы. Ужо 4 ліпеня можна было назіраць за работай збожжаўборачнага камбайна на палетках ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Вадзіцель ЗАТ «Белпрампрыбор» Аляксандр Мішкевіч гэта жніво пачаў на адвозцы ад камбайна збожжа азімага ячменю.