Экіпажы нашага жніва. Хто ўтрымлівае вядучыя пазіцыі на жніве ў Ляхавіцкім раёне

Уборка хлеба – справа ўсенародная. Працаўнікам жніва – увага, удзячнасць і пашана за нялёгкую працу. Іх прозвішчы гучаць на ўвесь раён.
На залатых палетках ААТ «Жарабковічы» з года ў год сярод перадавікоў – вопытны механізатар Андрэй Дзянішчык. У хлебаробскай справе ён больш за два дзясяткі гадоў і не шкадуе пра выбраны працоўны шлях. Пачалося ўсё з кабіны камбайна, дзе сядзеў разам
з бацькам, а дзіцячаму шчасцю не было канца. Спачатку была «Ніва», пасля «Дон» – менавіта яны «вінаватыя» ў тым, што звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай.
Работу сваю Андрэй Дзянішчык ведае і любіць. І яна яму прыносіць славу і гонар. Адзначае, калі бачыць, што ўкладзеныя намаганні даюць вынік, то душа радуецца і сілы прыбаўляюцца. З вясны ён кантралюе палеткі, каб летам збіраць шчодры ўраджай.
Андрэй Дзянішчык – мнагадзетны бацька. Разам з жонкай гадуе чатырох дзяцей і марыць, што некалі будзе наразаць хлебныя маршруты разам з імі.
У Дзянішчыка свой стыль працы, і сёлета яго напарнік Генадзій Хмарук – вадзіцель-эмэнэснік з Ліпскага ПАВП № 11. Генадзій трэці сезон водпуск праводзіць на хлебнай ніве. З першых дзён уборачнай працоўная каманда трымае першыя пазіцыі і не збаўляе тэмпаў. Іх намалот павялічваецца штогадзінна, па стане на 11 жніўня перавышае 1 400 тон.  Працуюць зладжана і якасна. Памочнік камбайнера не бачыць розніцы паміж сваім МАЗам, які змяшчае 10 тон вады, і КЗСам – усюды патрабуецца адказнае стаўленне да справы і беражлівыя адносіны да тэхнікі.
У перадавых хлебаробах і экіпаж з ААТ «Нача» – камбайнеры Віталій Васюкевіч і Дзмітрый Зіневіч, якія ў мінулую нядзелю пераадолелі сімвалічную мяжу ў тысячу тон збожжа і прымалі з гэтай нагоды віншаванні і падарункі ад кіраўніка гаспадаркі Мікалая Тарлюка. Віталій і Дзмітрый адзначаюць, што было прыемна, калі Мікалай Сямёнавіч асабіста павіншаваў з выніковым
намалотам. Словы ўдзячнасці за працу ў той дзень гучалі і для вадзіцеля «МАЗ-555142» Уладзіміра Падгурскага, які перавёз тысячу тон збожжа.
Віталій Васюкевіч аднолькава ювелірна вядзе магутны камбайн ці трактар «Беларус-1221». Вадзіцельскія правы атрымаў у 16 гадоў, з таго часу яго працоўнае месца – кабіна транспарт-
нага сродку. Вясной рыхтуе глебу пад пасевы, а як паспявае збожжа – садзіцца на камбайн. І так больш за 20 сезонаў. Традыцыйна прозвішча Васюкевіча сярод лепшых.
– Бацькі прывучылі працаваць добрасумленна, па-гаспадарску. Інакш не ўмею. Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла, – падкрэслівае Васюкевіч.
Віталію пашанцавала тэсціраваць магчымасці і круціць руль новага камбайна. Трэці жніўны сезон пракладвае маршруты на «КЗС-1218». Сёлета з ім у напарніках Дзмітрый Зіневіч –
малады механізатар, які дэмабілізаваўся ў маі. Дзіма адзначае, што яшчэ да службы працаваў у экіпажы з Віталіем. Дыпламаваны тэхнік-механік пакуль напрацоўвае вопыт, але ў тандэме са старшым камбайнерам яны моцная каманда. Іх графік вызначае надвор’е, калі яно дазваляе, то шчыруюць дапазна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.