Феерычна, душэўна, ярка. 20 красавіка Аляксандр Саладуха выступіць у ГДК у Ляхавічах з канцэртнай праграмай «Молодые пацаны»

Гэтаму выканаўцу не патрэбна гучная рэклама і асобнае прадстаўленне: песні Аляксандра Саладухі пазнаюць літаральна па першых нотах. «Здравствуй,  чужая милая», «Там, где зреет виноград зелёный», «Мы будем вместе, я знаю, таких, как ты, не бывает…» – вядомыя, без перабольшання, прадстаўнікам ці не ўсіх узростаў.

Photo — www.potashnikov.com

Крэатыўны і эпатажны, ён вельмі любіць сваю справу, лёгкі на пад’ём, адкрыты цікавым эксперыментам, нават, можна сказаць, схільны да творчых авантураў.
Чаго вартыя крылы матылька, якія адна з найярчэйшых зорак беларускай эстрады прымерала для здымак у промароліку да нацыянальнага адбору на конкурс «Еўрабачанне» некалькі гадоў назад. Па прапанове Першага канала ён сеў на шпагат паміж стваламі двух танкаў, якія рухаюцца – паўтарыў трук вядомага акцёра. І ўсё, дарэчы, рабіў сам, без дублёраў і каскадзёраў.
20 красавіка Аляксандр Саладуха выступіць на сцэне Ляхавіцкага ГДК з новай канцэртнай праграмай «Молодые пацаны». Чым уразіць на гэты раз? Заслужаны артыст даў «ЛВ» эксклюзіўнае інтэрв’ю.
– Канцэртная праграма «Молодые пацаны» – гэта прэзентацыя
майго 13-га сольнага альбома, запіс якога працягваўся два гады. У альбом увайшло 13 кампазіцый, частка з якіх прагучыць у першым аддзяленні. Другое аддзяленне складаюць залатыя хіты з папярэдніх альбомаў. Адметнасцю кожнага канцэрта з’яўляецца прэзентацыя абсалютна новых песняў – прэм’ерных. Гледачы пачуюць «Мы живы», «Листки календаря», «Беларусь моя любимая», «А много ли надо?», – раскрывае сакрэты Аляксандр Саладуха. Дарэчы, праграма запушчана з лютага мінулага года і мела вялікі поспех у 68 гарадах Беларусі.
З сольнымі канцэртамі Аляксандр Саладуха ездзіць па гарадах Беларусі ўжо 35 гадоў.Можна смела сказаць, што няма такой кропкі на карце краіны, дзе б яго ні сустракалі дружнымі апладысментамі. У кожным райцэнтры ў сярэднім пабываў 5–7 разоў, у больш буйных гарадах – 10–15. І ў гэтым таксама праяўляецца яго шчырая любоў да гледачоў – дзеля іх ён выкладваецца на ўсе сто і ў правінцыяльным Доме культуры, і на маштабных сцэнічных пляцоўках.
На сцэну выйдуць і сыны артыста Аляксандр і Антон, якія выступаюць у складзе групы «Элемент». У сямейным бізнес-праекце яны ўжо 14 гадоў. Для ляхавічан на гэты раз выканаюць свае новыя песні. Будзе феерычна, песенна, душэўна і лірычна і, як заўсёды, з моцным зарадам энергіі.
Саладуха стварае традыцыі і не змяняе ім ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Гледачы ведаюць, што пасля канцэрта легенда беларускай эстрады абавязкова выходзіць на аўтограф- і фотасесію. У гэтым увесь Аляксандр Саладуха – таленавіты, адкрыты і блізкі да сваёй публікі.
Прыхільнікам творчасці можна будзе таксама папоўніць сваю калекцыю адпаведнай промапрадукцыяй.
Артыст быў у Ляхавічах пяць гадоў назад. Што з таго часу змянілася ў яго жыцці?
– Пачнём з таго, што 2022 год для мяне адзначаны юбілейнымі датамі: 35 гадоў на сцэне, тры дзесяцігоддзі спаўняецца мегахіту «Здравствуй, чужая милая» і 40 гадоў пасля заканчэння Мінскага медуніверсітэта. У Ляхавічы кожны раз прыязджаю з асаблівымі пачуццямі і настроем – люблю гэты ўтульны горад і яго цудоўных жыхароў. Менавіта сюды пасля атрымання дыпло-ма мяне размеркавалі ў санстанцыю загадчыкам санітарнага аддзела. Але пераразмеркаваўся ў сталіцу, – дзеліцца Аляксандр Саладуха.
У Саладухі не бывае творчых паўз ці крызісаў. Яго жыццё
кіпіць і фантануе, атрымлівае запрашэнні на канцэртныя праграмы да ўсіх дзяржаўных святаў, спявае на «Славянскім базары», у Александрыі, выступае на карпаратывах і г. д.
У 2017 годзе артыст прэзентаваў ляхавічанам 11-ы альбом з праграмай «Мы будем вместе».
А праз два гады нарадзіўся наступны – «Новое и лучшее».
У 2014 годзе на канцэрт Аляксандра Саладухі «Вернае сэрца», які адбыўся ў «Мінск-Арэне», сабралася шэсць з паловай тысяч чалавек. А ў  2019 годзе ўзняў планку яшчэ вышэй – «ўзяў» Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама». Атрымалася відовішчна і грандыёзна!
Спявае сольна, але з задавальненнем выступае ў дуэце. Ганарыцца, што спяваў на адной сцэне з многімі вядомымі артыстамі, але галоўныя яго кампаньёны – сыны і дачка Варвара.
Аляксандр Саладуха заўсёды навідавоку. Ён з пяшчотай і гонарам расказвае пра сваю сям’ю. Сёння дачка Варвара – пяцікласніца. На дваіх з жонкай Наталляй  у іх чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. А на доме – вялікім  і прыгожым – пазначана: «Рэзідэнцыя Аляксандра Саладухі». Смела? Крэатыўна, не так, як ва ўсіх.
Аляксандр Саладуха вельмі любіць сваю краіну, сваіх суайчыннікаў і ў пачуццях шчыра прызнаецца ў песнях –  «Беларусь моя любимая», «Мы живы», «Я люблю вас, белорусы!». Дзве апошнія песні гучаць, калі тэлефануеш артысту на яго сотавы. Для спевака патрыятызм не даніна модзе – жыццё.
Яркі і стыльны, яго касцюмы доўга непакояць модніц:
ружовы, лімонна-жоўты, колеру фуксіі і бірузовы. А чым здзівіць заўтра?
Аляксандр Саладуха і сёння мае амбіцыйныя планы і смела ідзе наперад. У 2019 годзе артыст адзначыў прыгожы юбілей. Сваю круглую дату ўспрымае з уласцівым яму гумарам і выдае яе варыян-
ты – 6:0 на карысць Саладухі. І сёння мэтр жартуе, што яму толькі 36. І дакажыце, што гэта не так!
Усіх ляхавічан Аляксандр Саладуха вельмі чакае на сваім канцэрце 20 красавіка.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.