Тэмпы камфорту пасуюць. На пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне аб ходзе рэалізацыі ў Ляхавіцкім раёне дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016-2020 гады.

На парадку дня чэрвеньскага пасяджэння райвыканкама разглядалася пытанне аб ходзе рэалізацыі ў Ляхавіцкім раёне дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016-2020 гады.
Галоўная мэта праграмы – забеспячэнне камфортных умоў і спрыяльнага асяроддзя пражывання чалавека. У першую чаргу – за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зніжэння затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг.
Як адзначыў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Віктар Асташэня, за першы квартал 2019 года раён выканаў 5 з 11 паказчыкаў дзяржпраграмы. У іх ліку паказчыкі па зніжэнні затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, зборы плацяжоў за ЖКП, стратах цеплавой энергіі, тэмпах росту аб’ёмаў аказання бытавых паслуг, зборы і нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Што датычыць апошняга пункта, збор і нарыхтоўка другасных матрэсурсаў сёлета вядуцца досыць дынамічна. Квартальнае заданне раён у цэлым выконвае. За тры месяцы года сабрана амаль 322 тоны ўсіх відаў ДМР – 22,5 працэнта ад даведзенага гадавога плана. Сёлетнія квартальныя нарыхтоўкі другаснай сыравіны перавысілі леташнія за аналагічны перыяд у 1,6 раза. Рэальныя лічбы па нарыхтоўцы адходаў шкла, бытавой тэхнікі, зношаных шын, палімерных адходаў у дастатковай ступені, а бытавой тэхнікі, напрыклад, удвая большыя за даведзеныя заданнем.
А вось сітуацыя са зборам макулатуры і адпрацаванага маторнага масла была ахарактарызавана як даволі праблемная. Нягледзячы на той факт, што макулатуры сабралі ў паўтара раза больш леташняга, да «зададзеных» 130 тон яшчэ далёка. Адмоўны баланс склаўся і ў дачыненні нарыхтоўкі адпрацаванага маторнага масла.
Тэмп росту аб’ёмаў аказаных насельніцтву за квартал бытавых паслуг склаў прыкладна 160 працэнтаў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. За гэтыя месяцы насельніцтва атрымала бытавых паслуг амаль на 34 тысячы рублёў.
Як прагучала, камбінат бытавога абслугоўвання выходзіць на бездатацыйную работу, а вось сельскія комплексныя прыёмныя пункты, якіх у раёне шэсць, з’яўляюцца стратнымі. У сувязі з чым патрабаванне старшыні райвыканкама Аляксандра Камінскага да кіраўніцтва камунгаса, іншых адказных асоб і службаў: прапрацаваць пытанне эфектыўнасці работы КПП і без шкоды насельніцтву вывесці іх на бясстратную работу.
Праблемнае пакуль выкананне праграмы па газіфікацыі населеных пунктаў (многія аграгарадкі застаюцца без блакітнага паліва), па капітальным рамонце жылога фонду. Не выконваецца нарматыў замены старых цепласетак і некаторыя іншыя пункты.
Да завяршэння дзеяння дзяржпраграмы застаецца паўтара года. Як адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі, іх неабходна адпрацаваць з апераджэннем заданняў гэтага і наступнага гадоў, па максімуму кампенсаваць недапрацоўкі і па выніках 2020 года выйсці на зададзеныя паказчыкі.
Іван КАВАЛЕНКА.