Дыпламаваныя… жарты. У аграгарадку Спорава ў мінулыя выхадныя пабывалі і самадзейныя калектывы Ляхавіцкага раёна


У аграгарадку Спорава Бярозаўскага раёна ў мінулыя выхадныя пабывалі і самадзейныя калектывы Ляхавіцкага раёна. Там ладзіўся VII абласны фестываль-конкурс народнага гумару “Спораўскія жарты”, што традыцыйна збірае яркіх і таленавітых удзельнікаў з усёй вобласці.
На працягу двух дзён нашы землякі – клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарнiца» (Навасёлкаўскi CДК), народны тэатр мініяцюр “Вастраўчане” (Востраўскі СДК), народны тэатральны калектыў «Дом Дыягена» (Ляхавiцкi ГДК) – запальвалі з уласцівым ім каларытам і ўменнем настроіць на гумарыстычную хвалю, удзельнічалі ў тэатралізаваным шэсці, натхняліся і натхнялі іншых, стваралі атмасферу цудоўнага настрою. “Вечарніца” нават спявала на галоўнай сцэне сярод лепшых калектываў вобласці. Яе “Удачніцы” (так называўся творчы нумар) не пакінулі нікога раўнадушнымі – па душы прыйшліся трапныя жарты, гумарэскі, вясёлыя песні.
У намiнацыi “Лепшая гумарыстычная праграма раёна” (у ляхавічан яна называлася “З намі вёска ажывае”) наша дэлегацыя за шчыры жарт, весялосць, высокі мастацкі ўзровень рэпертуару і выканальніцкае майстэрства ўдастоена дыплома I ступенi. Дарэчы, сваё выступленне творчая каманда прысвяціла Году малой радзімы.
Граматамі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны калектывы “Вечарніца” (кіраўнік Таццяна Пішч) і “Дом Дыягена” (кіраўнікі Міхаіл Стрыжоў і Арцём Бадак). У “Вастраўчан” – дыплом III ступенi ў намiнацыi “Лепшая мiнiяцюра”. А яшчэ нашы самадзейныя артысты пачулі шмат кампліментаў і шчырых захапленняў ад удзельнікаў і гасцей свята.
Наталля ПЕРАПЕЧКА. Фота з архіва самадзейных калектываў.