Місія «1 верасня» Пра што трэба паклапаціцца бацькам напярэдадні навучальнага года

Пакуль школьнікі атрымліваюць асалоду ад апошняга летняга месяца, бацькі заклапочаны падрыхтоўкай да школы. Як правіла,  многае да 1 верасня трэба купляць з нуля: з пінжакоў і штаноў рабяты выраслі, рукзак з цяжкасцю дажыў да канца навучальнага года, з пісьмовых прылад застаўся хіба што просты аловак.

Форма і ўсё-ўсё-ўсё

Самая папулярная кропка са школьнымі таварамі ў Ляхавічах –«Дзіцячы свет «Аліса». У 2019 годзе магазін зведаў некаторыя змены як звонку, так і ўнутры. Цяпер крама выглядае сучасней і выбар больш разнастайны.

Сарафаны, спадніцы, штаны, пінжакі, спартыўныя касцюмы, абутак – прыгожыя мадэлі прыйдуцца даспадобы маленькім моднікам. Асабліва прыемна, што тавары ў асноўным беларускі х швейных і абутковых фабрык.

Касцюмы для хлопчыкаў вытворчасці ААТ «БелКрэда» прадстаўлены ў шырокім асартыменце. Для школьніка любога ўзросту можна падабраць штаны з пінжаком або камізэлькай. Кошт пінжака са штанамі вагаецца ад 74 да 88 рублёў, штаноў з камізэлькай ад 42 рублёў.

Ужо не першы год у «Алісе» закупляецца да 1 верасня жыхарка аграгарадка Русінавічы Наталля. Вось і сёлета для сына-другакласніка тут выбрала касцюм.

– Школьны касцюм павінен быць зручным і строгім і практычным. Дастаткова патурбавацца пра форму, набыць пару элементаў для таго, каб разнастаіць гарнітур: цёплы гольф або кашулю. Усё астатняе можна будзе дакупляць на працягу верасня-кастрычніка, а то і ўсяго навучальнага года, – гаворыць Наталля.

Касцюмы, сарафаны, сукенкі, спадніцы і блузы для дзяўчынак шыюць прадпрыемствы «Калінка», «8 Сакавіка». Цэны даступныя: блузы – ад 25 рублёў, сарафаны – ад 32, касцюмы – ад 98 рублёў.

Пакуль у магазіне няма ажыятажу. Прадаўцы гавораць, што зараз бацькі актыўна купляюць канцтавары, а вось падборам школьнай формы звычайна займаюцца ўжо бліжэй да верасня.

Абутак для хлопчыкаў і дзяўчынак у магазіне ад беларускіх «Марка» і «Нёмана» коштам ад 30 рублёў, спартыўны абутак абыдзецца мінімум у 15 рублёў. Але пры цэнавай даступнасці выбар, на жаль, не такі вялікі, як хацелася б.

Што тычыцца канцылярскіх прыналежнасцяў, то ад асартыменту разбягаюцца вочы. У «Алісе» можна сабраць усё, што неабходна для вучобы: ад ранца да алоўкаў і сшыткаў. Пакупнікам райпо прадастаўляе растэрміноўку без працэнтаў і першачарговага ўзносу на тры месяцы на ўвесь школьны асартымент, а 17-18 і 24-25 жніўня на рыначнай плошчы ў райцэнтры будуць праводзіцца кірмашы па продажы тавараў школьнага асартыменту.

Аналагічныя тавары, акрамя райпо, прапануюць і прыватныя гандлёвыя кропкі. Разнастайныя канцылярскія тавары можна набыць і ва ўсіх кіёсках «Брэстаблсаюздруку», магазіне «Белбланкавыд».

Здароў’ё – на пяцёрку

Новы навучальны год вось-вось пачнецца, а значыць, бацькам пара паклапаціцца не толькі пра новенькую форму для дзяцей. Абавязковы пункт у падрыхтоўцы да 1 верасня – медагляд тых, хто 1 верасня сядзе за парты.

Пачаць варта з паходу да ўчастковага педыятра. Ён памерае рост і вагу дзіцяці і дасць накіраванне на прыём да абавязковых для наведвання спецыялістаў: лора, акуліста,стаматолага, псіхіятра, неўролага, хірурга. Абавязковыя даследаванні –кардыяграма і УГД сэрца.

Таксама школьнікам трэба будзе здаць розныя аналізы, якія звычайна ўваходзяць у стандартны спіс. Гэта неабходна для таго, каб мець больш поўную карціну пра стан здароўя дзiцяцi i ў выпадку неабходнасці своечасова прыняць меры, прайсці лячэнне.

Акрамя таго, будучы дзетсадавец або школьнік павінен атрымаць усе неабходныя па ўзросце прышчэпкі. Да сямі гадоў дзяцей вакцынуюць супраць поліяміэліту, адру, паратыту, краснухі, дыфтэрыі і слупняку. Для зручнасці дзяцей і бацькоў рабяты, якія ідуць у першы клас, праходзяць медагляд у маі ў дзіцячым садку, куды на месца выязджаюць медыкі. І ім у бальніцу трэба толькі для здачы аналізаў. Старэйшыя школьнікі праходзяць медкамісію ў месяц свайго нараджэння.

З дапамогай дзяржавы

У нашай краіне па добрай традыцыі да збораў дзяцей у школу падключаюцца літаральна ўсе. З 16 ліпеня мнагадзетныя сем’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш непаўналетніх дзяцей, могуць атрымаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы.

Выплаты на гэтыя мэты з раённага бюджэту складуць 25690 рублёў. Дапамогу атрымаюць 734 дзіцяці з 343 семьяў.Усе жадаючыя могуць далучыцца да акцыі Беларускага саюза жанчын «Збяром партфель разам». У рамках акцыі БРСМ «У школу з добрым сэрцам» валанцёры арганізуюць збор школьнага адзення і абутку, канцылярскіх
прыналежнасцяў, спартыўных тавараў і іншых рэчаў, неабходных дзецям з маламаёмных сем’яў для падрыхтоўкі да навучальнага года.

Не застануцца ў баку прафкамы мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў. Раённая арганізацыя і абкам прафсаюза работнікаў АПК штогод далучаюцца да рэспубліканскай акцыі «Дзеці ідуць у школу». Сваю дапамогу акажуць «Белая Русь», тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва,
многія працоўныя калектывы.

Ірына КУЗЬМІЧ.

У тэму.Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін СКАРЫНА расказаў, на якія акалічнасці звяртаць увагу пры набыцці дзіцячых тавараў:

На ўсе тавары ў прадаўца павінны быць дакументы, што пацвярджаюць іх якасць і бяспеку( у залежнасці ад тавару –сертыфікаты аб адпаведнасці, пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі, дэкларацыі аб адпа-веднасці і інш.).

На кожнай адзінцы тавару патрабуецца маркіроўка на рускай або беларускай мове са звесткамі пра вытворцу, узроставую адрасава-насць і г. д. На гульнях і цацках – яшчэ і звесткі пра спосабы апрацоўкі: праціранне вільготнай сурвэткай, мыццё, хімічная чыстка.

Абавязкова ў маркіроўцы партфеляў, ранцаў і вучнёўскіх рукзакоў – інфармацыя пра ўзроставую прыналежнасць. Матэрыял ранца павінен быць трывалым, лёгкім, зручным для чысткі і пажадана з воданепрымальным пакрыццём. Рамяні – шырокія, з эластычнага матэрыялу, зменнай даўжыні. Маса ранца не больш за 700 грамаў для школьнікаў пачатковых класаў і да кілаграма – для старэйшых дзяцей. Абавязковая аддзелка святлоадбівальнымі элементамі. Партфелі, ранцы і рукзакі для вучняў 1-4 класаў павінны мець формаўстойлівую спінку.

Для захавання здаровага пазваночніка дзіцяці бацькам неабходна ведаць, што вага ўсяго, што знаходзіцца ў ранцы або рукзаку, не можа перавышаць 1,5 кілаграма – для вучняў 1-2 класаў, 2 кілаграмы – для 3-4 классаў, 2,5 кілаграма – 5-6 класаў, 3 кілаграмы – 7-8 класаў, 3,5 кілаграма – для 9-11 класаў.

Да дзіцячага адзення таксама прад ’яўляюцца пэўныя патрабаванні: яно павінна быць выраблена пераважна з натуральнай тканіны (паветрапранікальнай, з добрай гіграскапічнасцю і мінімальнай электрастатыкай).

Абутак для школьнікаў – пераважна з натуральных матэрыялаў, зручны, з жорсткай пяткай, абцасам не больш за 2,5 для малодшых школьнікаў і не больш за 3,5 сантыметра – для старэйшых (для святочнага дзявочага абутку ў 16-18 гадоў – не больш за 4,5 сантыметра). Не варта купляць абутак з рэзкім пахам, закрыты – з падкладкай са штучных і (або) сінтэтычных матэрыялаў.

Пры выбары адзення, абутку і прыналежнасцяў для школы ў першую чаргу трэба арыентавацца на якасць, каб цана ведаў не стала вельмі дарагой з-за страчанага здароўя.