Адпачынак па пуцёўцы. Усё пра пуцёўкі, геаграфію здраўніц можна было даведацца падчас прамой лініі «ЛВ»

Кожны арганізуе свой адпачынак па ўласным гусце і фінансавых магчымасцях. Частка нашых землякоў аддае перавагу (і не толькі летам) здраўніцам. Для іх задача нумар адзін – набыць пуцёўку, пажадана льготную. Усё пра пуцёўкі, геаграфію здраўніц можна было даведацца падчас прамой лініі «ЛВ» з вядучым спецыялістам прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Валянцінай ЮРЛЕВІЧ.

– Добры дзень, працую на прыватным прадпрыемстве, маю хранічнае захворванне апорна-рухальнага апарату. Ці магу атрымаць пуцёўку са скідкай у санаторый?
Ганна Сяргееўна.

– Права на санаторна-курортнае лячэнне і азда-раўленне з дзяржаўнай падтрымкай маюць раз у год грамадзяне, за якіх наймальнік ва ўстаноўленым парадку выплачвае страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Незалежна ад формы ўласнасці прадпрыемства ці арганізацыі, дзе працуеце, вы маеце права на пуцёўку. Выдаецца яна па заяўным прынцыпе.
Такое права гарантавана і грамадзянам, якія самастойна плацяць узносы ў ФСАН, у тым ліку і індывідуальным прадпрымальнікам. Акрамя таго, на яе могуць прэтэндаваць ваеннаслужачыя, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, навучэнцы, студэнты дзённай формы навучання, ветэраны вайны і працы, дзеці-інваліды і дарослыя з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Алгарытм атрымання даволі просты. Калі вы працуеце, неабходна напісаць заяву ў камісію па аздараўленні, якая ёсць у кожнай установе, плюс патрабуецца медыцынская даведка ад урача, што вам патрабуецца санаторна-курортнае лячэнне. Калі пенсіянер ці непрацуючы – звяртаўся ў прадстаўніцтва рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па месцы жыхарства. Пенсіянеры, акрамя даведкі, прадастаўляюць пенсійную кнігу, у якой ёсць штамп «ветэран працы». Жадаючыя забяспечваюцца пуцёўкамі ў парадку чарговасці, сфарміраванай па даце падачы заявы. Абавязкова ўлічваюцца інтарэсы тых, хто мае права на пазачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне. На сённяшні дзень у раённай камісіі па аздараўленні ў чарзе знаходзяцца 242 чалавекі.

– Валянціна Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, ці ёсць пуцёўкі на чацвёрты квартал гэтага года? І колькі яны каштуюць?
Іван Коктыш, г. Ляхавічы.

– Спачатку пра аплату. Яна залежыць ад сезона. З 1 лістапада па 30 красавіка грамадзяне аплачваюць ад 15 да 100 працэнтаў агульнага кошту пуцёўкі ў залежнасці ад памеру заработнай платы, а з 1 мая па 31 кастрычніка – ад 20 да 100 працэнтаў.
Чым ніжэй зарплата, тым меншы працэнт пагашэння кошту пуцёўкі яе атрымальнікам.
Што тычыцца кошту пуцёўкі, то ён вагаецца ад 600 рублёў і вышэй (за 18 дзён) і ўключае пражыванне, харчаванне (звычайна пяціразовае) з правам выбару, пэўны пералік аздараўленчых і медыцынскіх працэдур, культурна-масавыя мерапрыемствы. Жадаеце больш пра-цэдур – можна атрымаць іх за дадатковую аплату. Папярэдне сёлета на чацвёрты квартал, калі падыдзе чарга, можна разлічваць на комплексны адпачынак у «Алесі», «Парэччы», Лепельскім ваенным санаторыі, «Энергетыку», «Бярэсці», плануюцца пуцёўкі ў «Буг».

– Мой дзед інвалід ІІ групы. Ці мае ён права на пазачарговае атрыманне пуцёўкі? Дар’я,  Ляхавіцкі раён.
– Непрацуючыя інваліды І, ІІ груп, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды з дзяцінства па прычыне ранення, кантузіі, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, маюць права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне раз у два гады. Для таго, хто іх суправаджае, таксама пуцёўка бясплатная. Сёлета такім чынам у санаторыях «Ясельда», «Белая вежа», «Беразіна», «Вяжуці» пабывалі 13 жыхароў раёна са згаданых катэгорый.
Што тычыцца права на пазачарговую бясплатную пуцёўку, ім могуць скарыстацца Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай працы, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, непрацуючыя інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і інваліды баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

– Сын знаёмых адпачываў у дзіцячым санаторыі «Радуга». Хацела б адправіць туды сваю дачку-шасцікласніцу. Якія дакументы для гэтага неабходна сабраць?
Ганна Сцяпанаўна, г. Ляхавічы.

– Напэўна, расчарую вас, але дачку ў гэты санаторый вы не можаце адправіць. Ён разлічаны на вучняў з 1 па 4 класы. Прапаную вам патэлефанаваць і даведацца пра санаторыі, што падыходзяць для ўзросту вашай дачкі. Тэрмін дзіцячай курсоўкі – 21 дзень. Сёлета ўжо 73 юныя жыхары раёна аздаравіліся ў «Баравічку», «Случы», «Беларусі» (Друскінінкай, Літва).
Пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў да санаторна-курортнага лячэння (хваробы органаў дыхання, стрававання, нервовай і косна-мышачнай, эндакрыннай сістэм, скураныя хваробы) і адсутнасці супрацьпаказанняў, права на пуцёўку маюць непаў-налетнія ва ўзросце ад 3 гадоў. Пуцёўка выдаецца бясплатна, дакладней, за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту. Яе можна атрымаць па месцы работы аднаго з бацькоў, а ў нашым прадстаўніцтве – індывідуальным прадпрымальнікам і непрацуючым грамадзянам. Бацькі абавязкова павінны звярнуцца да ўчастковага педыятра, ён на падставе пераліку захворванняў, зацверджанага Міністэрствам аховы здароўя, выпіша медыцынскую даведку пра стан здароўя дзіцяці. Акрамя таго, патрэбна прадаставіць даведку з месца работы маці ці бацькі аб невыдзяленні пуцёўкі на гэта дзіця ў бягучым годзе.
Дарэчы, адны з самых запатрабаваных тураў (з пачатку года рэалізавана 18 пуцёвак), калі ў санаторый дзіця едзе разам з маці ці бацькам. Такое дзіцячае аздараўленне бясплатнае, а дарослы аплачвае 15 працэнтаў ад кошту пуцёўкі.

– Хачу пацікавіцца, колькі мне давядзецца заплаціць за пуцёўку ў санаторый «Алеся» ў лістападзе гэтага года. Мая сярэднямесячная зарплата складае 700 рублёў.
Вольга Іванаўна, Ляхавіцкі раён.

– У аснове разліку – каэфіцыент суадносін вашай сярэднямесячнай зарплаты і сярэдняй зарплаты па краіне, ён у вашым выпадку складае 0,6. Такім чынам, вы будзеце аплачваць 30 працэнтаў ад агульнага кошту пуцёўкі – 180 рублёў.

Пытанні ад «ЛВ»:
–Валянціна Міхайлаўна, якія здраўніцы найбольш запатрабаваны ў нашых землякоў?
– Сярод дарослых (сёлета на тры кварталы пуцёўкі выдзелены 32 землякам) папулярныя «Алеся», «Бярэсце», «Парэчча», «Сасновы бор», «Рассвет».

– Дзе можна пракансультавацца па пытанні атрымання пуцёвак?
– Чакаем вас у нашым прадстаўніцтве, якое знаходзіцца па адрасе: г. Ляхавічы, пл. Леніна,1. Ці тэлефануйце па нумары 6-45-75. Графік работы: панядзелак, серада, пятніца – з 8.30 да 12.30, аўторак, чацвер – з 13.30 да 17.30.
На прамой лініі працавала  Галіна КАНЬКО.