На “Летнім разгуляі” добра пагулялі

У нядзелю вечарам   народны клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага  СДК спяваў, весяліў,  ствараў  выдатны настрой  ляхавічанам і гасцям  горада .

 На праграму «Летні разгуляй» на плошчы Леніна  сабралася больш як сотня гледачоў. І, напэўна, ніхто з іх не пашкадаваў—“Вечарніца” ўмее і любіць  ствараць цудоўную атмасферу і з задавальненнем дзеліцца з землякамі сваёй творчасцю.

Калі канцэрт закончыўся, а  гледачы разыходзіліся, артысты збіралі апаратуру, да мастацкага кіраўніка  ансамбля Таццяны  Пішч  падышла дзяўчынка, якая ледзь не плакала:  з сябрамі спазніліся і не паспелі  паслухаць выступленне.

-Гэтыя словы –лепшае прызнанне  нашай творчасці. Прыемна, што і  юным землякам падабаюцца  такія выступленні, — расказвае Таццяна Пішч.

І,канешне ж, самадзейныя артысты не маглі пакінуць без увагі просьбу: акампаніятар”Вечарніцы” Іван Пішч дастаў баян і зайграў мелодыю   “Пусть бегут неуклюже”. Спявалі і дзеці, і дарослыя!

  Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота з архіва клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага  СДК.