Крымінал. Здарэнні ў Ляхавіцкім раёне

Фінал мабільных крадзяжоў

Злачынства, учыненае ў снежні мінулага года, стала для нашага райцэнтра рэзанансным. З гандлёвага павільёна ў кінатэатры «Кастрычнік» быў украдзены 31 мабільны тэлефон і ноўтбук гаспадара на агульную суму больш за 17 тысяч рублёў. Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу. Супрацоўнікі праваахоўных органаў хутка выйшлі на след злачынцаў і затрымалі іх. Зладзеямі аказаліся трое залётных гастралёраў з Баранавічаў. Крадзеж у Ляхавічах для гэтай групы быў не першы. Акрамя таго, яны займаліся махлярствам: бралі ў крэдыт дарагія мадэлі мабільных тэлефонаў на грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а потым па крэдытах ніхто не разлічваўся.

Суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна асудзіў аднаго з удзельнікаў злачыннай тройкі на чатыры гады пазбаўлення волі, дваіх – на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прыгавору.

Віталій ЛАБАНАЎ, начальнік РАСК.

Пасля сваркі – гіпс

На жаль, па-ранейшаму даволі часта сямейныя разборкі заканчваюцца бойкай. У Ганчарах 28-гадовы нецвярозы сын пабіў свайго бацьку, зламаў яму руку. РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 149 (наўмыснае нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання).

Па слядах «Гарызонта»

Сярод белага дня ў жыхара вёскі Вялікая Лотва з дома прапаў тэлевізар маркі «Гарызонт». Устаноўлена, што крадзеж – справа рук 38-гадовага ляхавічаніна, які нідзе не працуе. Узбуджана крымінальная справа.

«П’яная» субота

Суботу мінулага тыдня ў зводках РАУС можна па-значыць, як «п’яную». Чатыры ляхавічаніна трапілі ў поле зроку міліцыянераў з-за знаходжання ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Двое з іх нідзе не працуюць, адзін пенсіянер, яшчэ адзін – цясляр на прыватным прадпрыемстве.

Выяўлены і нецвярозы вадзіцель, які ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў транспартным сродкам.

Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ.