Дарожная практыка. Пераходзіць дарогу правільна – жыццёва важная навука

А вашыя дзеці ўмеюць пераходзіць дарогу правільна? Папытайце ў сваіх маленькіх чамучак і, хутчэй за ўсё, пачуеце сцвярджальны адказ. Але ж напамін у такой справе не будзе лішнім.
У мінулую сераду вучні СШ № 2 атрымалі сапраўдны ўрок і майстар-клас ад супрацоўніка АДАІ. Хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі акцыі «Бяспечная дарога ў школу з БРСМ».
Каляджане-актывісты, а па сумяшчальніцтве байцы маладзёжнага атраду аховы правапарадку «Сапсан» і інспектар ДПС Ігар Усік пацікавіліся ў школьнікаў, ці ведаюць яны, як рухацца ў цёмны час сутак, калі абавязкова трэба мець пры сабе флікер і як пераходзіць дарогу. Тэо-рыю падмацавалі практыкай: як і належыць, правільна, уважліва, не спяшаючыся перайшлі па пешаходным пераходзе праезную частку. Кожнаму з рабят уручылі лістоўкі, дзе яшчэ раз нагадалі асноўныя пункты ПДР.
Такі ўрок правілаў дарожнага руху гарэзы дакладна запомняць і, самае галоўнае, будуць штодзень карыстацца ведамі і навыкамі па дарозе ў школу.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.