Віцэ-міс з Навасёлак. Народны клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” і народны тэатр мініяцюр “Вастраўчане” прывезлі ўзнагароды з рэспубліканскага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі-2019”

Традыцыйны фестываль народнага гумару «Аўцюкі», які ладзяць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам, Калінкавіцкі райвыканкам, прайшоў у мінулыя выхадныя.
На яго сабраліся лепшыя гумарысты з усёй Беларусі. Прыехалі дэлегацыі з абласцей і асобныя калектывы з многіх вёсак і гарадоў, дзе любяць дасціпныя жарты, анекдоты, прыпеўкі, гумарэскі. Менавіта гэтыя жанры і сталі асноўнымі «намінантамі» свята.
Сярод удзельнікаў – творчыя дэлегацыі з Малдовы, Украіны, Балгарыі. І, канешне ж, заўсёдны ганаровы госць – ініцыятар з’яўлення «Аўцюкоў», галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменнік Уладзімір Ліпскі.
Прадстаўніцтва Ляхавіччыны на фестывалі было ўнушальным: народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» (кіраўнік Таццяна Пішч) Навасёлкаўскага СДК, народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане» (кіраўнік Алена Кулак) Востраўскага СДК.
– Мы сталі сапраўднымі першапраходцамі, было нялёгка выступаць ва ўсіх праграмах першымі. Эксперыментавалі! І, трэба сказаць, дастойна вытрымалі гэты творчы марафон. Гледачы смяяліся ад душы, – расказвае Таццяна Пішч.
У першы дзень свята ўдзельнікі фестывалю раз’ехаліся са сваімі міні-канцэртнымі праграмамі па аграгарадках і вёсках Калінкавіцкага раёна.
Другі фестывальны дзень пачаўся на раздарожжы Малых і Вялікіх Аўцюкоў, потым дзейства перамясцілася на фестывальныя пляцоўкі ў цэнтр Калінкавічаў.
Як жа цікава было на імправізаваных падворках, дзе сустракалі сапраўдныя аўцюкоўцы, а разам з імі – вясёлыя дэлегацыі гумарыстаў з усіх сельсаветаў Калінкавіцкага раёна.
Ляхавіцкія самадзейныя артысты песенна-гумарыстычнага жанру не засталіся без перамог. Відэаролік «Калёсы сцёрліся, а мы прыпёрліся» аўтарства «Вечарніцы» атрымаў першае месца ў намінацыі «лепшы гумарыстычны відэаролік». А «ляхавіцкая Лявоніха» Таццяна Пішч узнагароджана дыпломам II ступені ў намінацыі «міс Аўцюкі-2019». Сярэбраная прыступка ў намінацыі «гумарыстычная песня» ў трыа ў складзе Таццяны Булатай, Аляксандра Пішча і Наталлі Гуліцкай за кампазіцыю «Пра мужыкоў». Дыплом ІІ ступені і ў «Вастраўчан» – за прыпеўкі.
Галіна КАНЬКО.

Фота: Клубная система г. Ляховичи.