Сустрэча з вынікам. На мінулым тыдні на Ляхавіччыне працавалі пяць ІПГ /абноўлена/

Работа інфармацыйна-прапагандысцкіх груп – гэта магчымасць дэталёвага абмеркавання тэм, якія датычаць і хвалююць кожнага. На мінулым тыдні на Ляхавіччыне працавалі пяць ІПГ. Адна з іх на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Камінскім у чацвер сустракалася с настаўнікамі і вучнямі СШ № 2.

Сярод тэм, на якія ішла размова, – падзея, што хутка закране кожнага жыхара Беларусі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач расказала пра перапіс насельніцтва, які пройдзе ў краіне з 4 па 30 кастрычніка. Асноўныя моманты, на якія звярнула ўвагу Ніна Барысаўна, – сусветны вопыт і гісторыя правядзення перапісу насельніцтва ў нашай краіне, агульнадзяржаўнае значэнне кампаніі. Не менш важныя моманты, якім чынам насельніцтва зможа прайсці перапіс, і на якія пытанні трэба даць адказы.
Яшчэ адна ўзнятая тэма – аб прыродакарыстанні і прырода-ахоўнай дзейнасці ў Брэсцкай вобласці.
Каштоўнасць такіх сустрэч і ў магчымасці правядзення адкрытага дыялога прадстаўнікоў улады з насельніцтвам. Часам пытанні, заўвагі, прапановы, што гучаць падчас правядзення ІПГ, могуць скіраваць, падказаць, у якім напрамку трэба працаваць розным службам раёна.
Парадавала ляхавічан прыемная навіна, якую агучыў страшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч: хутка запрацуе ўніверсам па вуліцы Леніна, які пэўны час быў зачынены на рамонт. Побач ізноў будзе радаваць маленькіх землякоў кафэ «Смайлік».
Уздымалася і пытанне наконт магчымасці змянення графіка вывазу смецця. Як адзначыў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі, каб дэталёва разгледзець падобныя сітуацыі, неабходна пісьмовая заява ад жыльцоў дома. Акрамя гэтага, камунгас аказвае паслугі і ў прыватным парадку, калі з грамадзянінам заключаецца дагавор аб аказанні паслуг на вываз смецця.
Для некаторых ляхавічан магчымасць атрымання жыллёвых квадратных метраў і сёння надзённае пытанне. Тут таксама ўсё перспектыўна. Будуецца 40-кватэрны дом па вуліцы Юбілейнай. У 2020 запланавана рэканструкцыя будынка па вуліцы Леніна, 62. І гэта толькі пачатак, адзначыў кіраўнік раёна.
А моладзь хвалюе магчымасць культурнага адпачынку ў горадзе. Сёлета ў гэтым плане папрацавала райпо – летам зрабіла ляхавічанам цудоўны падарунак у выглядзе кафэ «Еда&Кофе». Цяпер прагучала прапанова, каб у горадзе з’явіўся, напрыклад,­­­­ боўлінг.
Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.