Кантрольны фармат. У мінулы аўторак магчымасцю звярнуцца да начальніка галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення КДК скарысталіся тры жыхары Ляхавіцкага раёна

Прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, электронныя звароты – аператыўная форма ўзаемадзеяння органаў улады і насельніцтва. Прадстаўнікі розных ведамстваў прыязджаюць на сустрэчу з жыхарамі рэгіёнаў, каб выслухаць кожнага, хто звярнуўся да іх са сваімі пытаннямі, каб лепш разумець, чым жывуць людзі на месцах, бачыць вострыя праблемы і дапамагчы вызначыць шляхі іх вырашэння.

Спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь пастаянна манітораць сітуацыю, уважліва вывучаюць кожны зварот, выкладзеныя факты разглядаюцца і атрымліваюць аб’ектыўную ацэнку. Напярэдадні правядзення прамой тэлефоннай лініі і прыёму прадстаўніком КДК у Ляхавіцкім раёне нашым землякам было прапанавана падзяліцца сваімі меркаваннямі па актуальных праблемах развіцця рэгіёна. У мінулы аўторак магчымасцю звярнуцца да начальніка галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта Андрэя Мацюшэнкі скарысталіся тры нашы землякі. Праблемы, якія іх хвалююць, датычылі добраўпарадкавання, налічэння пенсіі і газіфікацыі некалькіх вёсак. Адрасы агучаных пытанняў добра вядомыя і раённай уладзе.
Андрэй Мацюшэнка ўважліва выслухаў усіх, хто патэлефанаваў і прыйшоў на прыём. Па шэрагу зваротаў былі дадзены адказы і тлумачэнні, іншыя патрабуюць вывучэння і ўдакладнення.
Фармат дыялога ўлады з насельніцтвам паказвае сваю эфектыўнасць і ў нашым раёне. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць невялікая колькасць зваротаў падчас і гэтага прыёму.
Візіт прадстаўніка КДК у раён завяршыўся наведваннем Ляхавіцкага льнозавода, дзе Андрэй Мацюшэнка пазнаёміўся са станам работы прадпрыемства, ацаніў яго забяспечанасць сыравінай і гатоўнасць да работы з поўнай загрузкай магутнасцяў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.