В Ляховичах коммунальники благоустраивают криницу

Wi-Fi-лавачкі, арэлі і трэнажоры ў парку, фантан на Ведзьме і макеты фігур дзяцей ля пешаходных пераходаў, станцыі падкачкі колаў, літары з прызнаннем у любві роднаму гораду – сёлета камунальнікі падарылі сваім землякам мноства ўвасобленых у жыццё ідэй і задумак. На падыходзе яшчэ адзін сюрпрыз, які прыйдзецца даспадобы не толькі ляхавічанам. Асабліва парадуюцца маладыя, тыя, хто ўступае ў шлюб. КУМВП ЖКГ шчыруе на правым беразе ракі Ведзьма – стварае арыгінальны прыпынак на вясельным маршруце.
Начальнік участка добраўпарадкавання камунгаса Уладзімір Несцяровіч (на здымку з механізатарам Сяргеем Бублеўскім) расказвае, што пачата добраўпарадкаванне крыніцы: ачышчаны водаадводны канал і ўстаноўлены фундамент, над якім узвядуць «домік». Там можна будзе пасядзець, спаталіць смагу. З’явіцца і мост закаханых з выкаванымі поручнямі, альтанка для адпачынку. Абяцаюць уладкаваць і кропкі для памятных фотакадраў.
Дарэчы, камунальнікі папрацавалі і над тым, каб у горадзе ў вячэрні час было ярка і ўтульна. З ліпеня па верасень заменена 720 вулічных свяцільняў на святлодыёдныя. Яны спажываюць электраэнергіі ўтрая менш, чым папярэднія. Абноўка з’явілася дзякуючы сродкам з рэспубліканскага бюджэту.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.