Справа ўсіх і кожнага. Па інфармацыі аддзела статыстыкі раёна, перапіс прайшлі каля 33 працэнтаў жыхароў Ляхавіччыны

Па стане  на 10 кастрычніка,  па інфармацыі  аддзела статыстыкі раёна, перапіс прайшлі каля 33 працэнтаў  жыхароў Ляхавіччыны

– Землякі актыўна ўключыліся ў перапіс. Запатрабаваны мабільныя перапісныя групы: у горадзе іх  шэсць, на раёне восем.
Яны праводзяць перапіс насельніцтва без адрыву ад работы. Асабліва актыўнымі былі навучэнцы і работнікі ЛДАКа, супрацоўнікі магазіна «Санта», райпалівазбыта. Нагадаю, што па 18 кастрычніка ўключна можна перапісацца праз інтэрнэт. Па месцы жыхарства перапісчыкі пойдуць з 21 кастрычніка. Так што не пускайце ў дом тых, хто пад выглядам перапісчыкаў прыйдзе да вас раней указанага тэрміну, – падкрэсліла начальнік аддзела статыстыкі Вольга Вялічка.
Яна адзначыла, што асноўная задача перапісной кампаніі –
стварыць калектыўны партрэт краіны, які ў бліжэйшыя гады будзе ў многім вызначаць эканамічную, сацыяльную, дэмаграфічную палітыку дзяржавы. Атрыманыя даныя будуць улічаны пры фарміраванні мясцовага бюджэту, выдзяленні сродкаў на пенсійнае забеспячэнне, планаванні будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў.
Па даных аддзела статыстыкі, толькі ў Ляхавічах пад перапіс трапілі 5103 адрасы.
…Аўторак, каля 18 гадзін вечара. На стацыянарным перапісным участку, які размясціўся ў кінатэатры «Кастрычнік», некалькі чалавек.
– У першыя дні перапісу наведвальнікаў было няшмат. Але чым далей, тым больш. Сёння, напрыклад, перапісалі ўжо 40 чалавек. Праграма на планшэце працуе без збояў, адпраўляе запоўненыя перапісныя лісты ў базу даных Белстата. Працуем штодзённа з 9 да 20 гадзін. Такі графік да апошняга дня перапісу – 30 кастрычніка, – расказвае перапісчык Таццяна Азарка (на здымку).
Як удзельнічаюць у важнай дзяржаўнай кампаніі нашы землякі – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Ірына НОВІК, перапісчык:
– Нас у мабільнай групе чацвёра, абслугоўваем Жарабковіцкі
сельсавет. Першымі перапісалі работнікаў майстэрняў і бухгалтэрыі ААТ «Жарабковічы», мясцовага дзіцячага садка. За шэсць дзён запоўніла перапісныя лісты больш чым на 60 чалавек. Транспартам па папярэдняй заяўцы забяспечвае сельгаспрадпрыемства.
Да перапісу вяскоўцы ставяцца з разуменнем, таму і актыўнасць высокая.

Марыя ЮРУЦЬ, ляхавічанка:
– Камп’ютара ў мяне няма, ісці на ўчастак далекавата, таму пачакаю, пакуль перапісчыкі прыйдуць самі. Дачка растлумачыла, што ў перапісчыка павінны быць спецыяльная сумка і пасведчанне, а яшчэ наказала, каб іншых людзей у хату не пускала – гэта могуць быць махляры.
Сяргей ІВАНАВІЧ, ляхавічанін:
– Прачытаў у газеце, што ёсць тры спосабы, выбраў перапіс на стацыянарным участку – так зручней. Пытанні ўсе зразумелыя, таму адказваў на іх хутка. Разам са мной перапісвалася і жонка, у дзяцей свае сем’і, яны прайшлі перапіс па смартфоне.

Таццяна МАКЕДАНОВІЧ, перапісчык:
– За мной замацаваны каля 400 адрасоў па гарадскіх вуліцах Леніна і Інтэрнацыянальнай. Па дамах і кватэрах пайду з 21 кастрычніка, а пакуль у складзе мабільнай групы аб’язджаем прадпрыемствы і арганізацыі райцэнтра. Перапісалі ўжо работнікаў ПМС, гімназіі, кансервавага завода і г.д. Усё праходзіць у спакойным рабочым рэжыме.

Таццяна ПЕТУХ,  ляхавічанка:
– Удзел у перапісе для мяне такая ж абавязковая працэдура, як і ўдзел у выбарчай кампаніі. Гэта важная падзея: трэба ведаць, колькі нас, чым мы займаемся. На жаль, камп’ютар дома сапсаваўся, таму прыйшла на стацыянарны ўчастак.

Запісала Галіна КАНЬКО.