А ў душы – квітнеючы май. Днямі ветэран Вялікай Айчыннай вайны з аг. Жарабковичы Фёдар Леваш адзначыў 95-годдзе /фота +відэа/

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Жыццярадасны і бадзёры, а ў вачах малады запал. Пэўна, гэта і ёсць сакрэт доўгажыхарства Фёдара Леваша з аграгарадка Жарабковічы. Ён шчыра жартуе, прыветна сустракае гасцей, якія прыйшлі-прыехалі павіншаваць паважанага земляка з днём нараджэння.

Сярод іх старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Юруць, старшыня мясцовага сельвыканкама Ніна Булатая. Свае пажаданні імянінніку адрасавала і сельгаспрадпрыемства, дзе ў свой час ён шчыраваў. Рабяты з Жарабковіцкай СШ добра ведаюць Фёдара Аляксеевіча – не раз бываў у школе, расказваў пра свае ваенныя шляхі-дарогі. Ветэран і школьнікі наогул маюць шмат сумесных спраў, якія пакінулі след у душы.
А былому разведчыку ёсць што ўспомніць. Юнацтва прыйшлося на Вялікую Айчынную вайну. Перш чым стаць салдатам 2-га Беларускага фронту, Фёдар Леваш прайшоў выпрабаванне партызанскім строем. Ваяваў у адным з вядомых фарміраванняў –
атрадзе Каўпака. Давялося жыць у партызанскай зямлянцы, выконваць баявыя заданні, сядзець у засадзе і трымаць у руках зброю. Палкавы разведчык Фёдар Леваш заўсёды знаходзіўся ў першай шарэнзе, блізка да варожых распалажэнняў. На памяць ад такога «суседства» атрымаў на подступах да Берліна асколкавыя раненні ног. Доўга лячыўся ў шпіталі, там і сустрэў радасную вестку пра Перамогу.
Час многія ўспаміны падкарэкціраваў і падцёр. Але ўзяцце Кёнігсберга замацавалася дэталёва. Тады сур’ёзна пацярпела група разведчыкаў – разарваўся снарад… Менавіта за гэту аперацыю разведчык Леваш узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, і ён самы дарагі для ветэрана сярод іншых адзнак.
…Нягледзячы на тое, што нарадзіўся шчодрай восенню, Фёдар Аляксеевіч любіць вясну, калі яблыні апранаюцца ў белую квецень і жыццё нібы пачынае новы круг. Вясна – гэта май, гэта Перамога і мір. А мір – гэта ўсё!
– Здароўя добрага, ніякай бяды і смачнай вады! – сардэчна жадае 95-гадовы юбіляр і раіць кожную раніцу сустракаць з усмешкай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.