Камфортнай дарогі. 27 кастрычніка дарожнікі адзначаць прафесійнае свята (фота плюс відэа)

Начальнік Ігар Пілінога (у цэнтры) з работнікамі інжынерна-тэхнічнай службы.
Начальнік ДРБУ-200 Ігар ПІЛІНОГА

Цяжка ўявіць сённяшняе жыццё без зручных дарог. Камфорт і хуткасць перамяшчэння значаць многа. А яны залежаць ад стану дарожнага пакрыцця

На абслугоўванні ДРБУ-200 знаходзіцца 430 кіламетраў дарог мясцовага значэння плюс 169 кіламетраў вясковых вуліц. Работнікі ДРБУ-200 гэты год пачалі з бягучага рамонту гравійнага пакрыцця на ўчастку Ляхавічы-Сваятычы, прадоўжылі ўкладваць асфальт на начаўскім адрэзку, апранулі ў асфальтабетонную вопратку ўчастак аўтадарогі Гарадзішча-Куршынавічы-Ганцавічы, замянілі асфальт на вуліцы Працоўнай у райцэнтры і г. д. Хто ездзіў – змены ацаніў.
Аднаўляюць дарожнае пакрыццё ў вёсцы Літва. Хутка зменіцца якасць пад’язнога шляху да аздараўленчага лагера «Чайка» ў Галаўнінцах.
Ямачны рамонт дарог, падсыпка гравійна-пясчанай сумессю, замена знакаў і многае іншае таксама ў зоне клопатаў ДРБУ-200.
Відавочна, што ўклад дарожнікаў у жыццё раёна – важкі.
За шматгадовую гісторыю прадпрыемства не раз змяняла назву, удасканальваліся вытворчыя тэхналогіі, але нязменнымі заставаліся запатрабаванасць і вялікія аб’ёмы работ дарожнай службы.

Вадзіцель Сяргей Тарлюк, майстар Валянціна Аўраменка.
Машыніст пульта ўпраўлення Віктар Данішэўскі, фармоўшчык Вацлаў Пішч.


– Калектыў наш – прафесіяналы, якія балеюць душой за справу, да работы адносяцца адказна. Большасць з іх з немалым працоўным стажам, – з гонарам адзначае начальнік прадпрыемства Ігар Пілінога. Пяты год на чале ДРБУ прадстаўнік дарожнай дынастыі (калісьці тут працаваў і бацька). У прафесіі ж з 1988 года, пачынаў вадзіцелем.
Працоўны графік работнікаў шчыльны заўсёды: аўтадарогі патрабуюць увагі незалежна ад сезона. І ад стаўлення кожнага да сваіх абавязкаў залежыць нямала.
З тэхнікай на ты галоўны механік Генадзій Барыскін, механік Павел Ешан. Прафесіяналы – гэта пра аўтагрэйдарыстаў Юрыя Піліногу і Мікалая Куліка.
Вопыт і майстэрства характарызуюць механізатараў Дзмітрыя Пішча, Андрэя Піліногу, Мікалая Равяку, што кіруюць прычапнымі грэйдарамі. Універсальныя работнікі – так гаворыць пра іх кіраўніцтва. Сёння грэйдзіруюць дарогу, заўтра яе «прасуюць» ці на трактары са шчоткай наводзяць  чысціню, а зімой ачышчаюць снег. Аднолькава ўпэўнена адчувае сябе за рулём і асфальтаўкладчыка, і трактара механізатар Канстанцін Засухін.
Уладзімір Казакевіч, Валерый Кабяльчук, Віктар Скрыцкі і Анатолій Жагунь – «капітаны» МАЗаў. Канстанцін Шыян кіруе ўстаноўкай СТІМ-5000. Сучасны агрэгат незаменны пры ямачным рамонце. А нядаўна набытае прычапное абсталяванне да яго забяспечыць вахту і ў халодную пару года – будзе падсыпаць пясчана-саляную сумесь і ачышчаць дарогі ад снегу.
Сярод лепшых дарожныя рабочыя Валерый Плескацэвіч, Аляксандр Папчэня, Сяргей Гаўдзіс, Ігар Вялічка, стаж якіх большы за дзесяцігоддзе.
Прафесіяналізм нашых землякоў ацэнены абласной службай – дарожны рабочы Аляксандр Шусціцкі і вадзіцель Дзмітрый Багдановіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі КУП «Брэстаблдарбуд». А Дзяніс Хлапянік прызнаны лепшым трактарыстам ДРБУ і адзначаны дыпломам з занясеннем на абласную Дошку гонару.
Штодзень дзякуючы старанням Віктара Данішэўскага, Івана Рокача, Вацлава Пішча з канвеера сыходзяць дарожны і тратуарны барты, плітка. Узначальвае гэту вытворчасць Валянціна Аўраменка. У яе працоўнай біяграфіі 43 гады работы ў гэтай дарожнай арганізацыі.
Усе крокі і маршруты калег па раёне і многае іншае «фіксуе» планавы аддзел, які ўзначальвае Наталля Гараховіч. Ведае сваю справу бухгалтарская служба на чале з Дар’яй Місько. Важны ўчастак дзейнасці ў інжынера па арганізацыі і нарміраванні працы Алены Бурчыц. Інжынер-тэхнолаг Ніна Максімчык знаходзілася на заслужаным адпачынку, але калі спатрэбілася роднаму прадпрыемству – выйшла без ваганняў.
Дарэчы, у ДРБУ-200 да ветэранаў працы самыя цёплыя і паважлівыя адносіны. Іх памятаюць і вельмі ўдзячны за працу.
Да святочнага партрэта прадпрыемства нялішнімі будуць некаторыя эканамічныя выкладкі. За 9 месяцаў сёлета выканана работ амаль на 2 мільёны 500 тысяч рублёў. Адрамантавана без малога
14 кіламетраў дарог, з іх на амаль шасці кіламетрах пакладзены асфальт.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

ВІНШУЕМ!

Паважаныя калегі, ветэраны дарожнай службы, з прафесійным святам вас! Ад душы жадаем крочыць толькі тымі дарогамі, якія вядуць да поспеху і шчасця. Няхай кожны дзень будзе напоўнены прыемнымі і радаснымі падзеямі.

Пусть улыбается
удача,
Мир будет
полон теплоты,
Секретов счастья
жизнь не прячет
И воплощает
все мечты.

Адміністрацыя, прафкам ДРБУ-200.

Майстар Максім Муха на добраўпарадкаванні дарогі ў вёсцы Літва.
Механізатар Андрэй Пілінога.