СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». ЛяхавічОК!

Інжынеры-хімікі Алена Стругава і Іна Віннікава.

Вялікі асартымент прадукцыі натуральнай якасці, шырокая геаграфія паставак, перманентная мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці, лаяльнасць, у тым ліку фінансавая, у адносінах да пастаўшчыкоў сыравіны, кваліфі-каваны персанал, сярод якога нямала дынастый, грамадска-спартыўная актыўнасць, многае іншае. І гэта ўсё пра яго – Ляхавіцкі малочны завод.
Сёння прадпрыемства прапануе спажыўцам каля пяці дзясяткаў найменняў прадукцыі. Цэльнамалочнай – малако, кефір, смятана рознай тлустасці, тварог; дэсертнай – крэмы, дэсерты, тварожную масу з разнастайнымі напаўняльнікамі; сметанковае масла. Ляхавіцкі малочны з’яўляецца буйнейшым у краіне вытворцам тэхнічнага казеіну. Яго, а таксама вяршкі і ўсё тое ж масла завод паспяхова і ў значных аб’ёмах адпраўляе на экспарт. Як і на радзіме, у краінах далёкага і блізкага замежжа таварны лагатып «Ляхавічок» «перарос» самога сябе і стаў сапраўдным брэндам.
Абнаўленне вытворчасці ляхавіцкія малакаперапрацоўшчыкі «паставілі» на канвеер. Мэта – пашырэнне аб’ёмаў і асартыментнага пераліку вырабляемай прадукцыі, павышэнне якасных характарыстык і зніжэнне сабекошту апошняй. Прыкладам удалага завяршэння аднаго з этапаў мадэрнізацыі служыць факт пуску ў красавіку ў эксплуатацыю цэха па вырабе кісласметанковага масла пад брэндам «President». Супертэхналагічная лінія «завострана» на выраб высака-якаснага экспартнаарыентаванага прадукту. Але банальнае правіла «персанал – галоўны капітал» дзейнічае і ў іх выпадку. Іх каля дзвюх з паловай соцень працаўнікоў, кожны з якіх спецыяліст з вялікай літары. Многія з работнікаў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» не здраджваюць прадпрыемству два, тры дзясяткі і больш гадоў. Нямала маладых спецыялістаў. У тым ліку – і з баранавіцкай рэгістрацыяй, аднак, ляхавіцкай вытворчай прапіскай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.