Вывучыцца ў лепшых. Факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначае 75-годдзе

Трымаю ў руках апошні нумар часопіса «Журналіст». Любімай альма-матар, роднаму журфаку (тады яшчэ Інстытут журналістыкі БДУ) – 75. Прыемна, што ў гэтай юбілейнай даце ёсць і мая вучэбная пяцігодка. Буду банальнай – самая рамантычная, непаўторная, напоўненая сотнямі-тысячамі шчаслівых-шчымлівых імгненняў, якія сёння ўспамінаеш з усмешкай, з нейкім асаблівым пачуццём.

Журфак вучыў, натхняў, выхоўваў… Ён і сёння робіць гэта годна, штогод выпускаючы сотні профі ў сферы медыя. Там не бывае выпадковых, там не знаходзяць сваё прызначэнне раўнадушныя. Увогуле, у акружэнні таленавітых выкладчыкаў, творча апантаных і зацікаўленых, проста немагчыма глядзець на свет стэрэатыпна.
Сапраўды, журфак – гэта асаблівая атмасфера. Бязмежна ўдзячна факультэту за шматлікія знаёмствы з людзьмі, якія не сталі проста прахожымі ці часова знаёмымі, а паўплывалі на жыццё, зрабілі яго лепшым. Журналіст ніколі не будзе адзінокім – ён заўсёды сярод сваіх, дзе б ні знаходзіўся. Не перадаць словамі пачуццё, калі на чарговым семінары, форуме, выставе чуеш: «Прывітанне «Ляхавіцкаму весніку» ад «Дняпроўскай праўды». Вось такія далёкія раёнкі могуць быць блізкімі – нас аб’яднаў журфак. І адразу безліч тэм, самых шчырых размоў, успамінаў.
…Журфак вучыць сябраваць. Па-сапраўднаму, якасна і аддана. Быць чалавекам у любой жыццёвай сітуацыі. Звычайныя лекцыі, семінары ператвараліся ва ўрокі жыцця. І ў сённяшняй прафесійнай практыцы, сутыкаючыся з рознымі складанасцямі, лаўлю сябе на думцы: «А вось выкладчык па журналісцкім майстэрстве Аляксандр Канстанцінавіч Свораб раіў рабіць так»; «Дзмітрый Пятровіч Сіняўскі ў камп’ютарнай вёрстцы прытрымліваўся такога меркавання»; «Аляксандр Аляксандравіч Градзюшка так вучыў ствараць загалоўкі да публікацый у інтэрнэце». Мне пашчасціла вучыцца ў лепшых.
І нават сёння словы выкладчыкаў, сказаныя ўжо не ў вучэбных аўдыторыях і не на вучэбныя тэмы, гучаць як парады. Настаўленнем, падказкай у рабоце, падтрымкай маладым і пачынаючым былі словы дэкана факультэта журналістыкі Вольгі Міхайлаўны Самусевіч, сказаныя падчас семінара для дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі Брэсцкай вобласці. Журфак не бывае раўнадушным, ён заўсёды побач, і ты яго вечны студэнт.
Пашчасціла вучыцца і з лепшымі аднагрупнікамі. Усіх лёс раскідаў па розных кутках свету. Але дзе б ні знаходзіліся, аб’яднае кодавае слова – журфак. І вось запрашэнне: у БДУ адбудзецца форум маладых журналістаў. Званкі і паведамленні ў сацсетках: «Пячатка, хто едзе?», «Буду», «Прыеду»… Хутка сустрэнемся.
І, канешне, з днём нараджэння, самы творчы факультэт! Дзякуй, што ты ёсць у маім жыцці.

Маргарыта КУХТА.