Канструктыўна і ўплывова. На ХХVIIІ справаздачна-выбарную канферэнцыю Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сабраліся прадстаўнікі ўсіх пярвічак

На ХХVIIІ справаздачна-выбарную канферэнцыю раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сабраліся прадстаўнікі ўсіх пярвічак – больш за 80 дэлегатаў. Сярод ганаровых гасцей – намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Валянціна Ільіна, старшыня абласной арганізацыі Іван Васіленка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.

1122 члены прафсаюза, аб’яднаныя ў 24 пярвічкі, – такая прафсаюзная арганізацыя ў педагогаў раёна. Пра яе здабыткі і сённяшні дзень расказала ў выступленні старшыня райкама прафсаюза Святлана Бялецкая. Яна нагадала, што сёлета ў сакавіку падпісана новае раённае галіновае Пагадненне, у якім прадугледжана ўзмацненне сацыяльнай абароны работнікаў, канкрэтызаваны і замацаваны асобныя гарантыі, у тым ліку маладым спецыялістам.
Ва ўстановах адукацыі раёна зарэгістраваны 23 калектыўныя дагаворы. Лепшым па выніках конкурсу прызнаны калектыўныя дагаворы СШ № 1, Крывошынскай і Востраўскай СШ, Дараўскага і Малагарадзішчанскага ВПК. Кантрактная форма найму прымяняецца ў адносінах 93 працэнтаў работнікаў, кантракты на максімальны тэрмін заключаны з паловай занятых у сферы адукацыі.
Асаблівую ўвагу прафсаюз надае выплаце заработнай платы. Святлана Бялецкая адзначыла, што за справаздачны перыяд не зарэгістравана выпадкаў затрымкі зарплаты.
Пастаянна праводзяцца маніторынгі выканання заканадаўства аб працы. Райкам прафсаюза праверыў работу 37 калектываў, выяўлена 467 парушэнняў працоўнага заканадаўства, якія ўхілены ў месячны тэрмін. Найбольшая колькасць парушэнняў тычыцца аплаты працы, прыёму, звальнення з работы. Грамадскі кантроль у галіне аховы працы ажыццяўляюць 40 грамадскіх інспектараў, а таксама старшыні прафкамаў і іх намеснікі. Дарэчы, пярвічка СШ № 1 тройчы прызнавалася пераможцай абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю за выкананнем закадаўства аб ахове працы, а ў 2018 годзе прызнана лепшай у рэспубліцы.
Старшыня галіновага райкама таксама спынілася на пытаннях работы з моладдзю, ветэранамі, расказала пра турыстычна-экскурсійную і аздараўленчую, фізкультурна-спартыўную, культурна-масавую работу.
За апошнія пяць гадоў у райкам прафсаюза паступіла 1159 зваротаў. Па тэматыцы пераважаюць пытанні працоўных адносін, нарміравання, аплаты і арганізацыі працы.
Дэлегаты справаздачна-выбарнай канферэнцыі на чарговыя пяць гадоў даверылі права ўзначальваць райкам прафсаюзаў Святлане Бялецкай. Таксама абраны прафсаюзны камітэт галіновага прафсаюза ў складзе 29 чалавек, прэзідыум, рэвізійная камісія і дэлегаты на ХХVIIІ справаздачна-выбарную канферэнцыю Брэсцкай абласной арганізацыі.

Галіна КАНЬКО. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.