З праекцыяй на чалавека. На чарговым пасяджэнні райвыканкама разглядалі сацыяльнае развіццё Востраўскага сельсавета

Фота з архіва «ЛВ»

Пра камфортныя ўмовы пражывання як аснову сацыяльных стандартаў гаварыў Прэзідэнт у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Вызначальная роля ў стварэнні і падтрыманні інфраструктуры, утульнасці і прыцягальнасці населенных пунктаў належыць сельвыканкамам. Развіццё сацыяльнай сферы, жыццезабеспячэнне насельніцтва і добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў – на чарговым пасяджэнні райвыканкама разглядалі, як спраўляецца з вырашэннем гэтых пытанняў Востраўскі сельвыканкам. Справаздачу трымаў яго старшыня Уладзімір Тадра.
Востраўскі сельсавет – гэта 11 населеных пунктаў, у якіх, па стане на пачатак года, пражывала больш за 1700 чалавек. Тут працуюць торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі», КСУП «Ліпнянка», ЗТАА «БелДан», Востраўскае лясніцтва, дзве сярэднія і музычная школы, два дзіцячыя садкі, два сельскія Дамы культуры, урачэбная амбулаторыя і ФАП, два аддзяленні сувязі, пяць магазінаў спажыўкааперацыі і тры гандлёвыя кропкі ІП.
У цэнтры ўвагі вясковай улады – чалавек і якасць яго жыцця і быту. Дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэ-рыторыі адміністрацыйнай адзінкі, напрамую звязана з развіццём сацыяльнай сферы. У 2013 годзе па ініцыятыве сельвыканкама праведзены сход жыхароў аграгарадка Востраў з прадстаўнікамі «БелДана», дзе ўзнімалася пытанне газіфікацыі населенага пункта. Прадпрыемства ўзяло на сябе аказанне спонсарскай дапамогі. Стварылі кааператыў забудоўшчыкаў, і газаправод прайшоў па вуліцах Камсамольскай і Школьнай. Сёлета ў верасні газіфікацыя аграгарадка завершана.
Дзякуючы ТБЗ «Ляхавіцкі» і Востраўскаму лясніцтву, у жыхароў сельсавета няма праблем з забеспячэннем дровамі і брыкетам. Па спісах сельвыканкама 128 падвор’яў набылі 774 кубаметры дроў, 76 – торфабрыкет па фіксаваных цэнах.
Развіццё і падтрымка асабістых падсобных гаспадарак – адзін з накірункаў дзейнасці сельвыканкама. Сельгаспрадпрыемствы і ТБЗ не адмаўляюць насельніцтву ў апрацоўцы ўчасткаў.
Сельвыканкам сумесна з ТЦСАН надае вялікую ўвагу бытавым умовам жыцця адзінокіх грамадзян, інвалідаў і мнагадзетных сем’яў, штогод праводзіцца абследаванне іх жыллёвых умоў. 142 вяскоўцы знаходзіцца на надомным абслугоўванні, пра іх клапоцяцца 15 сацработнікаў.
Меддапамогу насельніцтва атрымлівае ў Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і Востраўскім ФАПе, які быў прызнаны лепшым у вобласці.
З-за адсутнасці спецыялістаў пакуль закрыты аптэкі ў Тухавічах і Востраве, але медыкаменты рэалізуюць мясцовыя медустановы, адзначыў старшыня сельвыканкама.
У Тухавіцкім дзіцячым садзе маецца плавальны басейн, які наведваюць вучні пачатковых класаў бліжэйшых вясковых школ. Востраўскую і Тухавіцкую СШ, дзіцячыя садкі наведвае 171 дзіця. Востраўская СШ, дарэчы, з’яўляецца пераможцай раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. Мясцовыя ўстановы культуры дапамагаюць землякам арганізаваць вольны час і развіваць здольнасці дзяцей і дарослых.
Канешне, у сельсавеце ёсць над чым працаваць, падкрэсліў Уладзімір Тадра. Для паляпшэння якасці вады неабходна будаўніцтва станцыі абязжалезвання, стан дарог таксама не на жаданым узроўні. Не ўведзена цалкам у севазварот зямля вакол вёсак Тухавічы і Забер’е, часткова пустуюць участкі ў Рагачах.
Дзеля добраўпарадкавання тэрыторыі, навядзення парадку на зямлі робіцца нямала. Праводзяцца месячнікі і суботнікі, падчас якіх сёлета ліквідаваны несанкцыянаваныя сметнікі каля вёсак Траццякоўцы і Любейкі на месцах былых палігонаў цвёрдых бытавых адходаў. У Тухавічах па вуліцы Савецкай на месцы знесеных дамоў устаноўлена 95 метраў агароджы і г.д.
Дагавор на вываз ЦКА заключаны з 804 домаўладаннямі (91 працэнт ад агульнай колькасці). Транспарт камунгаса забірае смецце двойчы ў месяц. Дзеля зручнасці насельніцтва дадаткова ўстаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору другасных адходаў паперы, шкла і пластыку ў Тухавічах і Востраве.
Галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў засяродзіў увагу на тым, што не ўсе калодзежы, вадой з якіх карыстаецца амаль палова тутэйшага насельніцтва, адпавядаюць патрабаванням па ўладкаванні, утрыманні і эксплуатацыі. Ачыстка і дэзынфекцыя шахтных калодзежаў не праводзіцца часам дзесяцігоддзямі. А гэта ўплывае на якасць і бяспеку пітной вады. Праблемнай застаецца і эксплуатацыя сістэм водаадвядзення і каналізацыі.
Нягледзячы на існуючыя праблемы, у раённым рэйтынгу Востраўскі сельсавет займае далёка не горшыя пазіцыі.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса заўважыў, што па рэалізацыі Дэкрэта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» сельвыканкам адзін з лепшых. Станоўчую ацэнку дзейнасці Востраўскага сельвыканкама і яго кіраўніку дала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч: па фарміраванні здаровага ладу жыцця, узроўні культурнага жыцця, рабоце з асобамі, якія злоўжываюць алкаголем, прафілактыцы правапарушэнняў і па іншых паказчыках сельсавет знаходзіцца ў тройцы лепшых.
У рабоце пасяджэння райвыканкама прыняла ўдзел намеснік галоўнага ўрача Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Галіна Садоўнікава.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.