Дзяліцца – заўжды прыемна.У Ляхавічах устаноўлены спецыяльны кантэйнер для збору адзення і абутку

Рабіць дабро так проста і так прыемна. Гэта сцвярджаюць ляхавічане, якія з найлепшымі памкненнямі дзеляцца адзеннем, абуткам і іншымі рэчамі паўсядзённага попыту са сваімі землякамі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю ці маюць пэўныя матэрыяльныя складанасці.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык расказвае, што ўжо шмат гадоў запар вельмі папулярная сярод ляхавічан акцыя «З рук у рукі», падчас якой нашы землякі перадаюць для іншых людзей адзенне, абутак,посуд, мэблю, пасцельныя рэчы, цацкі і г.д. Добраахвотнікаў шмат, сярод асабліва актыўных – Людміла Несцярэнка, Наталля Бурбіцкая, Алена Казак, Георгій Шабан, Святлана Яраш, Дар’я Марозава, Марына Пілінога. Неабыякавыя гараджане  добра ведаюць адрас Юбілейная, 19, дзе кватаруе раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа.
Усё, што паступае ў якасці ахвяраванняў, размяркоўваецца па мнагадзетных сем’ях, сярод пажылых грамадзян, маламаёмных катэгорый насельніцтва. Напрыклад, сабраную мэблю перадалі тым, хто нядаўна вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі ў пустыя дамы і кватэры. Старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа звяртаецца да ўсіх, хто можа падзяліцца мэбляй, посудам, патэлефанаваць па нумары 6-04-20, каб удакладніць працэдуру перадачы.
Пачынаючы з мінулай суботы, рабіць дабро стала яшчэ прасцей. Каля дома № 54 па вуліцы Леніна ўстаноўлены спецыяльны кантэйнер для збору адзення і абутку. Неабыякавыя людзі могуць ахвяраваць добрыя рэчы, неабавязкова новыя, але выключна чыстыя і ў належным выглядзе.
– Каб пакласці нешта ў кантэйнер, неабходна апусціць ручку, што знаходзіцца ўверсе, размясціць рэчы і падняць ручку ў першапачатковае становішча. Хочацца яшчэ раз звярнуць увагу: адзенне, абутак, пасцельныя рэчы, коўдры, пледы, цацкі і іншае павінны быць чыстымі, акуратнымі, без пашкоджанняў і складзены ў пакеты, – удакладняе Жанна Лешык.
Яна расказвае, што раз у тыдзень змесціва кантэйнераў будзе даставацца, валанцёры яго  адсартуюць і адразу будуць раздаваць тым, хто мае ў гэтых рэчах  патрэбу. Увогуле, галоўная мэта такога новаўвядзення – ахапіць дапамогай як мага больш людзей.
– З задавальненнем падзялюся і цацкамі, і адзеннем з іншымі землякамі. Выдатна, што можна падарыць радасць людзям, – гаворыць ляхавічанка Галіна Малевіч, якая адной з першых адправіла падарункі ў кантэйнер дабрыні.
Устаноўка кантэйнера – не адзінае, што апошнім часам прапануе Чырвоны Крыж. Традыцыйна да Ражджаства і Новага года праводзяцца шматлікія дабрачынныя акцыі. Так, у магазіне ТАА «Трансэлектракамплект» устаноўлена скрыня, у якую кожны жадаючы можа пакласці салодкі пачастунак, які пазней адправіцца навагоднім падарункам маленькім жыхарам Ляхавіцкага раёна з асаблівасцямі развіцця. Шыюцца касцюмы, рыхтуюцца падарункі, састаўляюцца сцэнарыі ранішнікаў, распрацоўваюцца навагоднія маршруты і адрасы – раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа абяцае чароўную казку для дарослых і дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ў цудзе.

Галіна КАНЬКО.