След на снезе. Прывітанне, Сонца

Не ведаю, як там твая кава, а мая з выразным прысмакам разгубленасці: дзе снег? Амаль мінуў першы месяц зімы. Неўзабаве Каляды і Новы год. А дахі і платы наўкола па-восеньску шэрыя. Туман, імжа, тэмпература вышэй за нуль — і ніводнага намёку на тое, што аднойчы раніцай прачнешся ў марозную бель.

Здавался б, цешся: урэшце і да наш дайшла тэндэнцыя сусветнай моды насіць шубу з туфлікамі на абцасах. Аднак неяк не надта радасна: мода прыходзіць і сыходзіць, а з прыродай нам жыць ды жыць. І ў гэтым звязку хацелася б звыклага раскладу рэчаў, пры якім на ўсё свой час. Каб красавік з кветкамі, а не з сумётамі уровень плоту. І дзевятамай з белымі пялёсткамі, а не сняжынкамі на маладой траве.

Чалавецтва на ўсіх этапах свайго развіцця прагнула стабільнасці. І мы з табой не выключэнне. У сям’і, стасунках, працы і нават творчасці мы імкнемся знайсці ці стварыць сістэму з моцнымі каранямі,каб на яе абаперціся падчас пятлістага і поўнага нечаканак шляху. Як на кіёк. Прывучваемся да гэтага з дзяцінства і па-іншаму ўжо не можам.

Для пачуцця ўласнай бяспекі і магчымасці працаваць ці нешта ствараць мы заўжды павінны мець перад вачыма ланцужок са знаёмых элементаў, што паўтараюцца ў добра засвоенай паслядоўнасці. І таму, калі зіма прыходзіць, а снег – не, мы …

Ну што мы – патанаем. Хто ў смутку, хто ў раздражненні, хто ў разгубленасці. Неяк разам страчваем працоўны і святочны настрой. Рухаемся, нешта робім, пасоўваем ці прасоўваем. І ўсё ж збольшага нагадваем вожыкаў, што клічуць і шукаюць сваю “лашадку” у тумане ( помніш стары добры мульцік?)

Каб снежаньскае жыццё ўвайшло ў сваё рэчышча нам тэрмінова патрэбен снег. Сліпуча-белы на марозе. Скрыпучы пад нагамі. Пухнасты на галінках і вершалінах дрэў. Важкі ў рукавіцах, каб добра ляпіліся снегавікі і снежкі. Халодны на шчоках і крышку салодкі ( можа ад забароны) на языку.

Каўняры, шапкі, пасмы валасоў, што вытыркаюцца з-пад іх, валёнкі, буркі, боты, ганкі і прыступкі, дарогі і тратуары, будынкі і машыны – хай здарыцца цуд і ўсё гэта будзе ў снезе! Хай казка дзяцінства, раскіданая па дзіцячых кніжках, хаця б напярэдадні свят стане явай!

Насамрэч, хай ужо.

 Толькі ведаеш…   Снег прыйдзе, а памяць, што яго так доўга не было, застанецца. Як памяць пра завіруху ў красавіку і сняжынкі на пілотках у маі. І час ад часу яна будзе вытыркацца з-пад стабільнасці, як пасма аснежаных валасоў з-пад шапкі.

Ненавязліва, але ўпарта яна будзе скіроўваць твой погляд у іншы бок. Сведчыць, што здараюцца рэчы ў жыцці, да якіх ніхто не гатовы. Нагадваць, што адзіны спосаб працягваць Жыць, а не існаваць у такіх умовах – гэта вучыцца дзейнічаць па-рознаму, па-новаму ужо тут і цяпер.

Гэта новае правіла новага часу, што яшчэ не ўнесена ў падручнікі і дапаможнікі. Правіла, да якога,я думаю, у наступным будуць звяртацца не толькі творцы і крэатыўшчыкі па прафесіі, але ўсе людзі, незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча. Бо жыццё паказвае: адладжаныя стагоддзямі сістэмы не вытрымліваюць той колькасці і хуткасці змен ва ўсіх сферах жыцця, з якой мы сустракаем 2020 год. Яны ўсё яшчэ служаць кійкамі, але чым далей, тым болей умоўнымі.

Так, мне здаецца, што вучыцца дзейнічаць па-рознаму, па-новаму з цягам часу стане ўсеагульным правілам. Таму што прыклады да гэтага правіла ўжо ёсць. Іх можна групіраваць у пункты і падпункты, у залежнасці ад таго дзе, калі, хто і што зрабіў. Але ўсе яны адлюстроўваюць адну і тую ж заканамернасць.

Калі снегу няма, яго можна стварыць. І пакуль іншыя кпяць, зайздросцяць ці дзівяцца, можна ступіць на неруш і пакінуць там след. Нават калі навокал ніводнай сцежкі. Нават калі хадзіць па зямлі няма чым.

Ёсць у тваім атачэнні хтосьці такі? Я ўпэўнена, што ёсць. Калі не – знайдзі і адкрый яго для сябе. Павіншуй з Калядамі. Прапануй у новым годзе сяброўства, бізнес-праект ці творчы тандэм. Даведзена: найлепш засвойваюцца правілы, што вынікаюць з практыкі. Як філолаг табе кажу.

А як сябар цябе перадсвяточна абдымаю. Зычу казачнага багацця тваёй душы і новага – агромністага, глыбокага, нечуванага і небачанага дагэтуль шчасця табе і ўсім тваім блізкім. Дзякуй, што ты ёсць.

Галіна Зыранава