Вартавыя здароўя

Каштоўны архіў, частку якога сёння прэзентуе «ЛВ», на працягу дзесяцігоддзяў збіралі ў цэнтральнай раённай бальніцы. І гэта даніна павагі тым, хто ствараў сістэму аховы здароўя Ляхавіччыны.

Медыцынская карта раёна перапісвалася неаднойчы: з’яўляліся новыя ўстановы аховы здароўя і рэарганізоўваліся існуючыя; ФАПы, амбулаторыі і бальніцы рэканструяваліся і мадэрнізаваліся. На змену адным пакаленням прафесіяналаў у белых халатах прыходзілі наступныя. Пастаянна паляпшаліся ўмовы працы ўрачоў, сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, устанаўлівалася новае сучаснае абсталяванне – выдатны памочнік у дыягностыцы і лячэнні. Асаблівая ўвага заўсёды звярталася і на прафілактыку. Нязменна клапатлівымі, беражлівымі заставаліся адносіны медыкаў да
пацыентаў – дзяцей і дарослых. Напэўна, сярод нас няма такога чалавека, які хоць аднойчы не звяртаўся за медыцынскай дапамогай.
Рэтрафотатэку «ЛВ» «Ляхавічы і ляхавічане» прадаўжае падборка медыцынскіх фотаздымкаў, якімі з раёнкай падзялілася адміністрацыя Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
На фота розных гадоў людзі, якія прысвяцілі справе аховы здароўя землякоў значную частку свайго жыцця.