Цёплыя сустрэчы ў лютым. Першая субота лютага. А гэта значыць, што ўсіх нас, незалежна ад узросту і пасады, чакае школа. У вячэрняй праграме – сустрэчы з юнацтвам

Выпускнікамі даказана: школа застаецца ў сэрцы назаўсёды. І не мае значэння, якія адзнакі калісьці былі ў дзённіку, – успаміны самыя светлыя і цёплыя. Любімыя настаўнікі, верныя сябры, дарагія аднакласнікі, а ў кагосьці першае каханне… Усё гэта ёсць і будзе ў кожнага выпуску.
Школа чарговы раз прызначае спатканне сваім выпускнікам. Паважаныя і салідныя, з пасадамі і імёнамі, у альма-матар яны зноў ператвараюцца ў звычайных вучняў. І кудысьці знікае цяжар гадоў, і ўсмешка становіцца адкрытай і шчырай. Так на выпускнікоў уздзейнічае школьная атмасфера.
Сёння ўжо не ляцяць праз тысячы кіламетраў тэлеграмы з запрашэннем на сустрэчу з юнацтвам і зваротным «чакайце»: мабільнікі сігналізуюць пра прыём СМС і паведамленняў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах.
А школа заўсёды чакае сваіх дзяцей, стараецца сустрэць цёпла. Для гэтага ў кожнай з 15 у раёне – свая фішка. У Тухавіцкай, напрыклад, выпуск усаджваецца за круглым сталом – гасцінна і душэўна!
Ніна Чаранкевіч, якая восем гадоў узначальвала Тухавіцкую СШ, а зараз на заслужаным адпачынку выкладае матэматыку, дзеліцца, што вечар сустрэчы – вялікае свята, да якога рыхтуюцца загадзя. Запрашаюць педагогаў-ветэранаў, юбілейныя выпускі і тых, хто скончыў школу летась. Канцэрт – справа агульная: школы, работнікаў мясцовай школы мастацтваў і Дома культуры. Атрымліваецца цікава і весела. Штогод збіраецца больш як сотня гасцей. Выраб юбілейных газет са шматлікімі фотаздымкамі, стварэнне прэзентацый аб’ядноўвае сем’і.
Сёння рэтрафотатэка з архіва «ЛВ» і навучальных устаноў нагадвае, як гэта было ў розныя гады ў розных школах.