Натура, схільная да эксперыментаў. У спісе тых, хто атрымаў матэрыяльнае заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — школьнік з Жарабковіцкай СШ

Напрыканцы мінулага года зацверджана рашэнне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У спісе тых, хто атрымаў матэрыяльнае заахвочванне, і наш зямляк Аляксандр Русакевіч.

Калі ўводзіш прозвішча навучэнца Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Аляксандра Русакевіча ў пошукавым радку сайта «ЛВ», выпадае не адзін артыкул. Старшакласнік неаднойчы станавіўся героем публікацый раёнкі. Чарговы раз восенню, калі атрымаў дыплом II ступені адкрытай алімпіяды навучэнцаў «Крок да інавацый», заключны этап якой праходзіў на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Важкую ўзнагароду заслужыў за даследаванне «Атрыманне трох ураджаяў ранніх сартоў бульбы з рознымі смакавымі якасцямі». Да гэтага прэзентаваў свае напрацоўкі па данай тэме на XXX рэспубліканскім біёлага-экалагічным конкурсе навуковых даследчых работ і быў адзначаны дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі.
Кожны дзень юнака літаральна распісаны па хвілінах: школьныя заняткі (а да іх выдатнік падыходзіць надзвычай адказна), падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, да абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Там прадставіць даследаванне, па словах Сашы, вельмі актуальнае для мясцовай гаспадаркі: ацэнку прадукцыйных якасцяў мяшаных ягнят першага пакалення, атрыманых пры скрыжоўванні парод мерыналандшаф і прэкас ва ўмовах ААТ «Жарабковічы».
Усе гэтыя навуковыя эксперыменты школьнік праводзіць пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Галіны Бунель. Дзякуючы педагогу, падкрэслівае адзінаццацікласнік, ён заўсёды можа даць грунтоўны адказ на пытанні строгага журы, упэўнена аперыруе фактамі і доказамі.
Саша з тых неспакойных у добрым сэнсе юнакоў, хто спяшаецца ўсюды паспець, пацікавіцца і абавязкова дайсці да ісціны. Акрамя навукова-практычных доследаў у сельскагаспадарчай галіне, спрабаваў сілы і ў гуманітарнай секцыі. Мае вынікі на прадметных раённых алімпіядах па англійскай мове, грамадазнаўстве, асновах бяспекі жыццядзейнасці.
Разважае, што чалавек павінен пастаянна развівацца і імкнуцца да новага, а дзе і калі прыкласці свае веды – жыццё абавязкова падкажа. Сур’ёзны і грунтоўны, з тонкім гумарам і нязменна жыццярадасны – такі Аляксандр Русакевіч.
Да ўсяго, старшакласнік захапляецца музыкай. Самастойна навучыўся іграць на гітары, якую набыў за ўласна заробленыя грошы. Праўда, каб інструмент гучаў і выглядаў дастойна, давялося яго трохі «падмарафеціць». Зараз у руках Сашы гітара не маўчыць – спявае, усё больш рок, паважае юнак і класіку, цікавіцца рамантычнай і поп-музыкай.
– Заўсёды прыемна, калі нашы школьнікі гучаць сярод лепшых, калі багаты багаж педагога становіцца здабыткам навучэнца. Вопыт Галіны Сігізмундаўны пераконвае, што важным у працэсе навучання і выхавання былі і застаюцца жывыя зносіны настаўніка і вучня, любоў да свайго прадмета і, канешне, творчы падыход да справы, – дзеліцца дырэктар СШ Вольга Бурак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.