На рынку працы штыль. У Ляхавіцкім раёне ў мінулым годзе на прафесійнае навучанне накіраваны чатыры чалавекі

Цяпер нікога не здзівіш і тым, калі чалавек, адпрацаваўшы па спецыяльнасці шмат гадоў, вырашае кардынальна ўсё змяніць у сваім прафесійным жыцці. Напрыклад, будаўнік перакваліфікоўваецца ў цырульніка, а настаўнік адкрывае ўласную справу. Было б жаданне, а работу можна знайсці.

У краіне пытанням працаўладкавання надаецца вялікая ўвага. З’яўляюцца ўсё новыя формы работы як з суіскальнікамі працы, так і з работадаўцамі. Разнастайныя кірмашы вакансій, у тым ліку і з выездам у сельсаветы, сталі традыцыйнымі і ў Ляхавіцкім раёне.
Летась праведзена пяць такіх кірмашоў, іх наведалі 102 землякі. Вакансіі прадставілі 32 прадпрыемствы і арганізацыі нашага раёна.
Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла, па выніках мінулага года паказчык па беспрацоўі ў нашым раёне – 0,3 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. На 1 студзеня 2020 года на ўліку ў службе занятасці знаходзіліся 29 чалавек, з іх 20 – вяскоўцы. Сярод беспрацоўных пераважная большасць ва ўзросце 50-59 гадоў. Летась за садзейнічаннем у працаўладкаванні ў службу занятасці звярнуліся 335 грамадзян, 169 з іх атрымалі статус беспрацоўнага. Пры садзейнічанні сацыяльнай службы новае месца працы знайшлі 283 жыхары раёна.
Курсы па атрыманні новай прафесіі ці перакваліфікацыя – добры варыянт для тых, хто па розных прычынах застаўся без працы ці жадае знайсці больш высокааплатную работу. У асноўным гэта магчымасць запатрабавана маладымі людзьмі. Па словах Ірыны Пабягайла, у мінулым годзе на прафесійнае навучанне накіраваны чатыры чалавекі, з іх двое – пад заказ наймальніка.
50 чалавек летась удзельнічалі ў аплачваемых грамадскіх работах. Найбольшая колькасць з іх – 20 – працавала ў камунгасе.
Не застаюцца без увагі і клопату дзяржавы землякі з абмежаванымі магчымасцямі. Так, інвалід ІІ групы, які ў мінулым годзе завяршыў навучанне па прафесіі «аператар электронна-вылічальных машын», працуе ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў у праграме адаптацыі да працоўнай дзейнасці.
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мае магчымасць выдаць беспрацоўным субсідыі на развіццё бізнесу. Заняцца сваёй справай летась вырашылі двое вяскоўцаў: мужчына аказвае паслугі па тынкоўцы, жанчына –
па ўстаноўцы вокнаў. Кожны з іх атрымаў «стартавы капітал» у памеры па 3253 рублі. Акрамя таго, новаспечаныя бізнесмены прайшлі навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці.
Летась на новыя вытворчасці працаўладкаваны 98 землякоў пры заданні 75. Найбольш вакансій створана ў ТАА «Санта Рытэйл» –
44, ЗТАА «Белдан» – 20.
Сярод самых запатрабаваных прафесій – вадзіцелі, урачы, медыцынскія сёстры, аператары машыннага даення, механізатары, прадаўцы, швачкі.
Са зместам агульнарэспубліканскага банка вакансій можна азнаёміцца ў тым ліку і на старонцы Ляхавіцкага райвыканкама на сайце аблвыканкама.
А ў службе занятасці прапануюць спіс усіх вакансій па Брэсцкай вобласці. І можна падабраць варыянт,
дзе прапануюць не толькі работу, але і добраўпарадкаванае жыллё.

Галіна КАНЬКО.