Замалёўкі ў пастаральным жанры. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: ЧВЫРЫ і ДРЭКІ

На тэрыторыі Конькаўскага сельсавета ёсць дзве невялікія вёсачкі –Чвыры і Дрэкі. Ад Ляхавічаў абедзве прыкладна ў дзесяці хвілінах язды. Яны ніколі не былі густанаселенымі, а сёння тут і наогул засталося ад сілы тры-чатыры двары. А яшчэ гэтыя вёскі аблюбавалі дачнікі.

Дрэкі, яны ж Вайтусі

Вольга Грынько.

Кожнага, хто заязджае ў вёску Дрэкі, сустракае гранітная шыльда. На ёй – імёны 13 жыхароў вёскі. Яе ўсталявалі некалькі гадоў назад нашчадкі вяскоўцаў, якія вырашылі такім чынам увекавечыць імёны сваіх продкаў.

Побач – магіла невядомага абаронцы Айчыны. Зараз за ёй даглядае
Вольга Грынько – адна са старажылаў вёскі.

Сюды, у Дрэкі, у 1963 годзе з Украіны прыехала яе маці. Тады ў вёсцы было 14 дамоў. Вользе на той момант споўнілася 22 гады.

Раней, успамінае жанчына, моладзь збіралася ў доме Марыі Кліменцьеўны Тарасевіч. Там весела бавілі час, спявалі песні.

А яшчэ памятае пенсіянерка, як у 1968 годзе вакол вёскі садзілі лес.Зараз дрэвы, здаецца, дастаюць да самага неба.

Разам з мужам Вольга Пятроўна некалькі гадоў жыла ў расійскім Петразаводску, але потым сям’я вярнулася ў сваю вёсачку. Вольга Пятроўна скончыла курсы прадаўца ў Ляхавічах і працавала ў магазінах у Федзюках і Лабузах.

Зараз у яе доме часта збіраецца вялікая сям’я: трое дзяцей, сямёра ўнукаў, пяць праўнукаў. Дом у імгненне напаўняецца вясёлым дзіцячым смехам. Адна пенсіянерка таксама не сумуе: многа чытае, глядзіць тэлевізар, актыўна асвойвае камп’ютар, даглядае за невялікай гаспадаркай.

Праводзячы нас, Вольга Пятроўна паказвае бярозы, якія муж і дзеці пасадзілі ў гонар яе трыццацігоддзя. Паштоўкі і падарункі могуць згубіцца, а вось дрэвы – гэта на стагоддзі.

Дарэчы, прыгадвае і такі цікавы факт: мясцовы святар знайшоў дакументы, якія сведчаць: раней вёска мела назву Вайтусі…

Сямейная ідылія Саўчукоў

Па суседстве жыве сям’я Саўчук, якая прыехала з Баранавічаў у Дрэкі 20 гадоў назад. Спачатку домік планавалі выкарыстоўваць толькі як дачу: улетку саджаць агарод і кветкі, адпчываць. Пазней вырашылі перабрацца сюды назусім. Спадабалася маляўнічая прырода Дрэкаў: вакол лес, побач рэчка, свежае паветра і цішыня.

Хату перабудавалі, побач паставілі хлеў і загон для жыўнасці. Пасадзілі яблыні і маліну. З узростам, прызнаецца Васілій Макаравіч, даглядаць за гаспадаркай стала больш складана. Зараз засталіся толькі курачкі, якія нясуць кожны дзень багаты «ўраджай» яек.

Свой ціхі куток, прызнаюцца пенсіянеры, ні на што не прамяняюць. Тут яны ўсё зрабілі для камфортнага жыцця.

Раз на тыдзень прыязджае аўталаўка, дзе можна купіць неабходнае. Ды і самі часам выбіраюцца ў горад за пакупкамі.

Іосіфавіч і яго восем катоў

У дзесяці хвілінах язды ад Дрэкаў раскінулася вёск а Чвыры. Карэнных жыхароў тут можна пералічыць па пальцах адной рукі, і тыя перыядычна з’язджаюць у гарады да сваякоў.

24 гады тут жыве пенсіянер Расціслаў Барысевіч. Калісьці разам з жонкай вырашылі перабрацца ў вёску далей ад гарадской мітусні. Шукалі дом доўга, але ўсё было не тое. А калі прыехалі сюды – спадабалася: побач лес, рэчка. Да таго ж з-за праблем са здароўем Расціслаў Іосіфавіч не мог кіраваць аўтамабілем, а тут блізка чыгуначны прыпынак.

З жонкай душа ў душу пражылі 61 год. Год назад мужчына аўдавеў. Але  і зараз у доме ўтульна, пануе ідэальны парадак – так гаспадыня прывучыла.

Гаспадаркі не трымае, затое да яго прыбягаюць восем катоў: суседзі з’ехалі, а жывёл пакінулі ў вёсцы. Расціслаў Іосіфавіч іх падкормлівае.

Скардзіцца: адзінае, чаго не хапае, – суседзяў. На сваёй вуліцы пенсіянер застаўся адзіным жыхаром. Так і праводзіць вечары: глядзіць тэлевізар ці чытае газеты. Але нягледзячы на гэта, з’язджаць адсюль не плануе.

Домік вокнамі ў лес

Каля лесу на ўскрайку Чвыроў стаіць невялікі домік. Яго гаспадыню –пенсіянерку Вольгу Кулаеву – застаём за хатнімі справамі.

Гісторыя яе сям’і магла легчы ў аснову кінастужкі. Бацьку Вольгі падчас Вялікай Айчыннай вайны прызвалі на фронт, ён  удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда.

Мама родам з Цвярской вобласці, падчас вайны  працавала ў тыле, дапагала капаць акопы, калі немцы падышлі да Масквы. Яе маці і сястру немцы вывезлі ў канцлагер пад Слуцкам. Калі людзей вызвалілі, хворых і знясіленых развозілі па вёсках.

– Так мая цётка Шура  аказалася ў Чвырах. Па шчаслівай выпадковасці яе знайшла мама і прыехала выходжваць. Тут яна сустрэла майго бацьку, – успамінае Вольга Кулаева.

У сям’і нарадзіліся восем дзяцей. Жылі дружна:разам працавалі, разам адпачывалі. У школу праз лес хадзілі ў Федзюкі. Там жа атрымалі значкі акцябрат, а потым павязалі піянерскія гальштукі. Старэйшыя класы скончылі ў Ляхавічах.

Калі былі падлеткамі, кожныя выхадныя арганізоўвалі танцы. Скідваліся, хто колькі можа, і запрашалі баяніста. На вечарыны прыязджалі рабяты з Галавачоў, Конек, Федзюкоў…

Бадай самы яркі ўспамін маладосці – песні аднавяскоўцаў: спявалі на Купалле, калі збіраліся на беразе ракі… А якія меладычныя напевы чуліся, калі вымочвалі лён ці дружна працавалі ў полі.

28 гадоў пенсіянерка працавала на чыгунцы. І прызнаецца: куды б жыццё не заносіла, яе заўсёды цягне сюды, на Ляхавіччыну, у вёску Чвыры, дзе на ўскрайку стаіць бацькоўская хата.


…Пакідаем вёскі з нейкім шкадаваннем. Як жа тут лёгка дыхаецца, як жа ясна думаецца, а якая прырода! Якія цудоўныя людзі жывуць у нашым раёне! Яны, акрамя іншага, беражліва захоўваюць гісторыю сваёй сям’і, каб праз шмат гадоў іх дзеці і ўнукі памяталі і перадавалі нашчадкам.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.