Дарожныя рэаліі. Дарогі і іх стан – праблема, якая хвалюе і гараджан, і вяскоўцаў Ляхавіччыны

Использована иллюстрация

Улічваючы вялікую сацыяльную значнасць, дарожная сітуацыя на Ляхавіччыне на пастаянным кантролі раённай улады. Часта да гэтай тэмы звяртаецца і «ЛВ». Пытанні ёсць і да дарожных арганізацый у асобе ДРБУ-200, ДЭУ-24, да камунгаса, на чыім балансе знаходзяцца гарадскія вуліцы, а таксама да іншых прадпрыемстваў (прычым не толькі нашага раёна), якія эксплуатуюць дарогі і прыдарожныя палосы.

Куршынавіцкія горкі

Ніякага фітнесу не трэба: дастаткова некалькі разоў на тыдзень праехацца на рэйсавым аўтобусе з райцэнтра да Куршынавічаў ці далей – і бывай лішнія ( а ў каго і не вельмі) кілаграмы. Так іншы раз жартуюць тыя, каму даводзіцца ездзіць па гэтым маршруце. Сапраўды, дарога ў згаданым накірунку даўно патрабуе калі
не асфальту, то элементарнага клопату і добраўпарадкавання: падсыпкі, грэйдзіравання. Днямі ў рэдакцыю зноў патэлефанавалі па гэтай прычыне. Жанчына, якая прадставілася Жаннай Францаўнай, расказала: пакуль ехала з Ляхавічаў да Куршынавічаў, аўтобус трасло так, што не вытрымаць:
«Уяўляеце, якія нязручнасці маюць тыя, каму даводзіцца іншы раз двойчы на дзень ездзіць па гэтым маршруце. Акрамя рэйсавых аўтобусаў, тут курсіруе і школьны, а таксама асабіс-тая тэхніка грамадзян.
«Няўжо нічога нельга зрабіць з дарогай?» – пытае жыхар Мядзведзічаў Віктар Гладкі.
За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў ДРБУ-200, на балансе якога знаходзіцца дарога. Начальнік арганізацыі Ігар Пілінога адзначыў, што праблема не новая і яна на пастаянным кантролі іх службы. Толькі сёлета ў студзені згаданы ўчастак двойчы грэйдзіравалі. Пакуль крыху падмарожвае, такія работы, адпаведна тэхналогіі, не праводзяцца. Але як толькі тэмпература на працягу некалькіх дзён будзе са знакам плюс, грэйдар зноў выйдзе на гэты і іншыя маршруты для чарговага прафілявання.
Дарэчы, ДРБУ-200 у студзені пачало падрыхтоўчыя работы па «апрананні» ў асфальт 4,5-кіламетровага ўчастка дарогі Ляхавічы-Нача ў бок Перахрэсця. Зараз прыдарожныя палосы ачышчаюцца ад расліннасці, завозіцца матэрыял для ўкладкі дарогі. А непасрэдна асфальтаванне запланавана на красавік-май. Абноўкі дачакаюцца ў гэтым годзе і 800 метраў аўтадарогі Грушаўка-Пашкоўцы.

Лес вазілі? Прыбірайце

Лес сякуць – шчэпкі ляцяць. Хто не ведае гэтае выслоўе. Але нарыхтоўка лесу – гэта яшчэ небяспека і для дарог. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ўзнімалася праблемнае пытанне. На мяжы Ляхавіччыны ў раёне вёсак Гайнін і Гайнінец у сваіх лясных масівах вядуць лесанарыхтоўку Клецкі і Ганцавіцкі лясгасы. Драўніну складзіруюць паабапал дарогі (яе ў асноўным выкарыстоўвае для ўнутрыгаспадарчых патрэб ААТ «Жарабковічы», а таксама па ёй ездзяць тутэйшыя жыхары). Магутныя харвестары з лясоў і балот на сваіх колах вывозяць торфакрошку, якая забруджвае прылягаючую тэрыторыю. Потым лесавозы развозяць бруд далей па ўсёй дарозе. Гэта не толькі непрыгожа, але і псуе дарожнае пакрыццё. Пасля такіх перавозак па дарозе ні прайсці ні праехаць. Атрымліваецца, раз не сваё, можна і не клапаціцца? Начальнік ДРБУ-200 расказаў, што дарожнікі ўжо накіравалі пісьмы кіраўніцтвам Ганцавіцкага і Клецкага лясгасаў аб неабходнасці навесці парадак пасля такіх нарыхтовак.
– Акрамя таго, перш чым пачаць работы, неабходна папярэдзіць дарожныя службы, як гэта робіць Ляхавіцкі лясгас. Мы тады выстаўляем спецыяльныя знакі, якія папярэджваюць, што ў гэтым месцы праходзяць пагрузачна-разгрузачныя работы. Дарэчы, нашы лясгасаўцы за сабой заўжды прыбіраюць, чаму варта павучыцца і суседзям з іншых раёнаў, – адзначае Ігар Пілінога.

Галіна КАНЬКО.