Сустрэча ў ляхавіцкай гімназіі ў Міжнародны дзень роднай мовы

Літаратурная гасцёўня гімназіі   ў Міжнародны дзень роднай мовы зноў гасцінна расчыніла дзверы. Да нас завітала знакамітая беларуская пісьменніца, журналіст, літаратурны крытык, аглядальнік аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Іванаўна Рублеўская на сустрэчу з вучнямі і настаўнікамі. Да сустрэчы са знакамітай пісьменніцай мы рыхтаваліся працяглы час.

У  нашай літаратурнай гасцёўні за трыццаць гадоў існавання ўстановы пабывалі многія вядомыя беларускія пісьменнікі. А  наш знакаміты зямляк, пісьменнік Алесь Бадак неаднойчы.

Такой колькасцю славутых імёнаў беларускай літаратуры, што наведалі ўстанову адукацыі ў невялічкім раённым цэнтры, можа пахваліцца не кожны. Таму мы ганарымся гэтым. Адна справа вучыць біяграфію і творчасць пісьменніка па падручніку, і зусім іншая – знаходзіцца з ім у адной зале, бачыць, слухаць яго, атрымліваць асалоду ад сустрэчы з дзеючым ці будучым класікам літаратуры, задаваць яму пытанні, атрымаць аўтограф з пажаданнямі ў кнізе, якую табе падарылі (ты ж лепш за астатніх адказваў на пытанні пісьменніка!) або ты набыў сам.

Вучням гімназіі цікава было даведацца, што сёння Людміла Рублеўская – вядомая паэтка, празаік, драматург, аўтар зборнікаў “Крокі на старых лесвіцах”, “Замак месячнага сяйва” , “Рыцарскія хронікі”, “Над замкавай вежай”, “Шыпшына для пані”, “ З’яўленне інфанты”, “Старасвецкія міфы горада “Б”, ”Сэрца мармуровага анёла”, “Пярсцёнак апошняга імператара”, “Дагератып”.

Пісьменніцу прываблівае лёс знакамітых людзей Беларусі – тых, хто стаяў ля вытокаў нашай культуры, беларускага адраджэння, асветніцтва, нашай дзяржаўнасці, хто ўласнай мужнасцю, ахвярнасцю, талентам, пакутніцкім жыццём упісаў сваё імя на скрыжалі гісторыі.

Пад час сустрэчы з вуснаў гімназістаў гучалі балады, вытрымкі з прозы Людмілы Рублеўскай, ішла размова пра здымкі фільма “Авантуры Пранціша Вырвіча” па рамане “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”, Людміла Іванаўна дзялілася творчымі планамі. Гімназісты цікавіліся, да чаго больш ляжыць яе душа, да паэзіі, прозы ці журналістыкі? Вучні з залы задалі пытанне:

“Як у адной сям’і ўжываюцца два творчыя чалавекі?”. У адказ прагучала: “Гэта залежыць не ад прафесіі, а ад чалавека”.

Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, была магчымасць купіць кнігі нашай госці і атрымаць аўтограф. Людміла Іванаўна адзначыла, што гімназісты прачула, выразна, незвычайна прыгожа чытаюць на памяць паэтычныя і празаічныя творы. Ну, а кіраўніцтва гімназіі ўжо заклапочана тым, з кім з беларускіх пісьменнікаў арганізаваць сустрэчу ў лютым 2021 года.

Святлана ЕРМАКОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Фота з архіва гімназіі.