Заўтра павінна быць лепш, чым сёння

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разглядаліся два пытанні. Іх важнасць і надзённасць вылучаецца нават на фоне агульнай прынцыповасці тэм любога такога пасяджэння: аб гатоўнасці аграрыяў да правядзення веснавых палявых работ, выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год і задачах па выкананні бюджэту ў годзе бягучым.

Як адзначыў у дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран, у цэлым вынікі 2019 года характарызуюцца станоўчай дынамікай, адзначаны рост асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Па завяршэнні справаздачнага перыяду былі выкананы ключавыя прагнозныя паказчыкі. Так, тэмп росту экспарту тавараў склаў больш за 116 працэнтаў у параўнанні з аналагічнай лічбай 2018 года. Гэта азначае, што прагнозны арыенцір, які раўняўся 104,4 працэнта, быў істотна перакрыты. Фактам стаў трэнд на дыверсіфікацыю краін-экспарцёраў. Напрыклад, на 2,6 працэнтнага пункта знізілася доля экспарту ў краіны СНД, на 1 – у Расійскую Федэрацыю. Пры гэтым складнік экспарту ў краіны, што не ўваходзяць у склад названага саюзнага аб’яднання, вырас. Падобная дынаміка адзначана і ў гандлі прадпрыемстваў раёна з партнёрамі з краін – членаў Еўрасаюза.
Па шэрагу таварных пазіцый назіраецца асабліва значны прырост вектара экспартных паставак. Так можна і трэба гаварыць у адносінах замарожанай ялавічыны, сметанковага масла, лесаматэрыялаў, зборных будаўнічых канструкцый, паліўнай драўніны, гербіцыдаў і інсектыцыдаў, вырабаў з пластмасы. Сярод прадпрыемстваў істотнае экспартнае паскарэнне ў мінулым годзе паказала ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – у 11 разоў у грашовым выражэнні ў параўнанні з папярэднім годам.
Ледзь ці не ўдвая ў параўнанні з аналагічным базавым адрэзкам часу павялічылі раённыя гаспадарчыя структуры экспарт паслуг. Прагноз абавязваў падняцца ў росце на 15 працэнтаў, рэальнасць аказалася ў шэсць разоў больш значнай. Пры тым, што з-за недаўрэгуляванай праблемы не раённага ўзроўню – так званыя «дазволы» – супрацоўніцтва ў гэтым сэнсе з краінамі ЕС «прасела», а вось у накірунку Расійскай Федэрацыі, наадварот, адзначаны даволі прыкметны рост.
Чаму такая пільная ўвага і падрабязны расклад адносна знешнегандлёвых здабыткаў? Гэта найважнейшая фінансава-эканамічная платформа, на базе якой, у значнай ступені, адбываецца развіццё раёнаў-рэгіёнаў і Беларусі ў цэлым, выбудоўваецца дабрабыт чалавека.
У мінулым годзе на адкрытыя (дзякуючы новаствораным у раёне прадпрыемствам і вытворчасцям) працоўныя месцы ўладкавана 109 чалавек. Лічба, як і сам факт прырастання раёна новымі суб’ектамі гаспадарання, не можа не радаваць і больш як у паўтара раза перавышае прагнозную.
Прыярытэтнай, валаўтваральнай, якая задае тон і надае дынаміку развіццю раёна і ўзроўню жыцця насельніцтва, гаспадарчай галіной выступае сельская гаспадарка. Гэта асаблівая тэма. Мае значэнне яшчэ і з пункта гледжання «завязанасці» на аграрыяў шэрага прадпрыемстваў-прамыслоўцаў, якія з’яўляюцца перапрацоўшчы-камі прадукцыі палёў і фермаў. Важная эканоміка-гаспадарчая і сацыяльна-фінансавая роля належыць ужо ўзгаданай прамысловасці, будаўнічай сферы, спажывецкаму рынку і шэрагу іншых «генератараў» экамічнага і сацыяльнага прагрэсу раёна.
Для сельскай гаспадаркі мінулы год склаўся нядрэнна. Асабліва, калі параўноўваць яго з папярэднім 2018-м. Летась прадпрыемствы АПК падняліся ў вытворчасці прадукцыі амаль на 27 працэнтаў у параўнанні з базай 2018 года. Пры прагнозным арыенціры, які складаў 8 працэнтаў.
З дынамікай спрацавалі летась прамысловасць, будаўніцтва, стабільнасцю характарызуецца спажывецкі рынак, мае месца інвестактыўнасць вытворчых структур у асноўны капітал і іншае.
Свой і зусім не малы ўклад у развіццё раёна ўносіць малы і сярэдні бізнес. Напрыклад, у мінулым годзе на Ляхавіччыне было зарэгістравана дзевяць новых мікраарганізацый. Пяць з іх сферай дзейнасці абралі сельскую гаспадарку, два працуюць у прамысловасці.
І такі асабліва шматзначны пасыл: ні аднаго стратнага прадпрыемства па выніках года ў раёне няма. Прагрэс і дасягненне, на фоне таго факта, што годам раней такіх было пяць.
2019-ы стаў для раёна дастаткова паспяховым. Развіццё атрымалі ўсе галіны эканомікі. Але год бягучы ставіць новыя і больш высокія задачы, якія, безумоўна, павінны быць выкананы. Словы такога сэнсу старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі выказаў, адкрываючы пасяджэнне. Але і ў якасці выніковых яны падыходзяць найлепшым чынам.
Райвыканкам прыняў шэраг рашэнняў у тэму парадку дня.
Іван КАВАЛЕНКА.