Праверка на зладжанасць. Па стане на 27 сакавіка ў Ляхавіцкім раёне выпадкаў каранавіруснай інфекцыі не зарэгістравана

Фота БЕЛТА

Каранавірус не толькі выпрабоўвае на трываласць наш імунітэт, гэта і своеасаблівая праверка разнастайных службаў на тое, як яны мабілізуюцца ў надзвычайных сітуацыях.

Як сведчаць медыкі, найбольш небяспечна гэта інфекцыя для людзей пажылога ўзросту, тых, хто мае хранічныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, цукровы дыябет і інш. Таму асаблівы клопат і дапамога ім. Арганізавана растлумачальная работа з пажылымі грамадзянамі і інвалідамі пра неабходнасць мінімізацыі наведвання месцаў масавага знаходжання людзей, у прыватнасці, магазінаў, аптэк, аб’ектаў грамадскага харчавання.
Намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Богдан расказала, што на старонцы райвыканкама на сайце аблвыканкама, а таксама на сайце ТЦСАН размешчана інфармацыя аб мерах прафілактыкі каранавіруса, такая ж накіравана і ў сельвыканкамы.
Прадаўжаецца работа па выяўленні грамадзян, якім неабходна да-стаўка прадуктаў харчавання (паслуга бясплатная), лякарстваў і тавараў першай неабходнасці (за іх кошт і з іх згоды). За такой дапамогай землякі могуць звярнуцца ў ТЦСАН па тэлефоне 6-09-17 штодзённа з 9.00 да 18.00.
Вольга Богдан адзначыла, што ўсе сацыяльныя работнікі забяспечаны антысептычнымі сродкамі для наведвання падапечных.
У Брэсцкай вобласці праводзіцца штодзённы маніторынг па колькасці грамадзян, якія звярнуліся за аказаннем дапамогі ў дастаўцы. Па стане на 24 сакавіка за дапамогай звярнуліся 35 чалавек.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў паведаміў, што па стане на 27 сакавіка ў нашым раёне выпадкаў каранавіруснай інфекцыі не зарэгістравана.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.