Па канікулярным раскладзе. Вясеннія канікулы, як і планавалася, пачнуцца з 30 сакавіка

Сёлетнія вясеннія канікулы, як і планавалася, пачнуцца з 30 сакавіка і прадоўжацца па 4 красавіка ўключна. Канешне, каранавірус унёс свае карэктывы ў арганізацыю дзіцячага адпачынку. Што агульнага для ўсіх? Пад забаронай экскурсіі і па раёне, і за яго межамі. Таксама абмежаваны наведванні школ вучнямі і настаўнікамі з іншых навучальных устаноў. Але ўсё ж
вольны час трэба арганізаваць правільна і карысна. Ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны ўважліва і змястоўна падышлі да канікулярнай праграмы.

У Навасёлкаўскай школе акцэнт зроблены на ўмацаванне здароўя рабят. Што ні дзень, запланавана спартыўная праграма як для пачаткоўцаў, так і для старшакласнікаў. Старт дасць спартландыя «Хуткія, смелыя, спрытныя» для вучняў 5-11 класаў, далей – актыўныя гадзіны «Гуляем у футбол», «Гуляем у баскетбол», праграма «Усе на старт» і г. д. Але не спортам адзіным бавяць вольны час навасёлкаўскія хлопчыкі і дзяўчынкі. Іх чакаюць конкурс малюнкаў «Вясна-красна», ток-шоу «Лепшы сакрэт здаровага харчавання», гульня-падарожжа «Спартыўнае асарці», завочны экскурс «Па краіне лекавых раслін», прагляд тэматычных ролікаў «Твая бяспека» і шмат чаго новага, цікавага і запамінальнага.
Адным з асноўных пунктаў плана на час канікулаў у Тухавіцкай школе пазначана работа з адоранымі вучнямі і вучнямі з нізкай матывацыяй да навучання. Прычым праводзіцца яна будзе штодзённа. Гэта навучальная ўстанова славіцца сваімі спартыўнымі традыцыямі, таму спорту і прапагандзе здаровага ладу жыцця – зялёнае святло. Як заўжды, рабяты і настаўнікі паўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах накшталт тэніснага турніру, матчах па валейболе, футболе, рухомых гульнях «Мяч над сеткай». Па-
знавальная гульня «Я маю права» адправіць тутэйшых вучняў пачатковых класаў у запамінальнае падарожжа ў свет правоў і абавязкаў. Усіх жадаючых запрашае бібліятэка на гульнёвую праграму «Разгадай рэбус». Напэўна, шмат чаго даведаюцца вучні на трэнін-гавым занятку «Жыць здорава».
Вельмі насычаная і рознабаковая праграма на дні, свабодныя ад заняткаў, у СШ № 1. Толькі ў першы дзень канікулаў, 30 сакавіка, тут чакаюцца: пасяджэнне за круглым сталом «Экалогія і мы», дзелавая гульня «Фінансавая грамата», віктарына «Сакрэты жывой прыроды», забаўляльная праграма «Усе колеры вясёлкі» і інш. Увогуле педагогі СШ № 1 для кожнага дня выбралі пэўную тэму. Так, панядзелак праходзіць пад назвай «Дзень чараўніцтва», аўторак – «Дзень кнігі», серада – «Дзень гумару і смеху», чацвер – «Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі», пятніца – «Дзень здароўя», субота – «Дзень прафесій».
Няхай і перанеслі ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Алім-пійскія гульні ў Токіа, свае малыя алімпійскія гульні правядуць рабяты з Дараўскага ВПК. А яшчэ сярод іншага яны паўдзельнічаюць у экалагічнай гульні «Загадкі прыроды», адправяцца ў падарожжа «Па старонках казак»…
Па традыцыі на канікулах будуць працаваць прышкольныя лагеры. Праграма іх наведвання распрацоўвалася індывідуальна ў кожнай школе з улікам усіх санітарна-прафілактычных мерапрыемстваў і рэкамендацый сан-эпідэмслужбы і Міністэрства аховы здароўя.
Метадыст метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Васі-леўская расказала, што ў Ляхавіцкім раёне на базе чатырох устаноў адукацыі – СШ № 2, Жарабковіцкай, Начаўскай, Конькаўскай школ – з 30 сакавіка па 4 красавіка будуць адкрыты прышкольныя лагеры. У іх умацуюць здароўе, набяруцца сіл перад апошняй чвэрцю навучальнага года 115 юных землякоў. Агульны кошт пуцёўкі для рабят ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў – 36 рублёў, ад 11 да 13 гадоў – 38,76 рубля. Бацькоўская даплата складае – 10,80 і 13,56 рубля адпаведна. Астатнія выдаткі бярэ на сябе дзяржава.

Галіна КАНЬКО.