Інтэлектуальная гульня “Мова маёй зямлі”. 19 лютага ў рамках Тыдня роднай мовы ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня


19 лютага ў рамках Тыдня роднай мовы ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня “Мова маёй зямлі”. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА. Гэта свята нагадвае нам пра каштоўнасць кожнай мовы, неабходнасць яе захавання і папулярызацыі.

У гульні прынялі ўдзел дзве каманды: “Зоркі” — прадстаўнікі Ляхавіцкага аграрнага каледжа, і “Васількі” — працоўная моладзь раёна. У якасці паважанага журы выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Іванаўна Бурак і галоўны спецыяліст аддзела Дзіяна Сяргееўна Бурак, намеснік дырэктара Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Валер’еўна Сяргей.

Удзельнікам нагадалі гісторыю з’яўлення Міжнароднага дня роднай мовы і цікавы факт: менавіта беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай.

Гульня праходзіла ў фармаце тэматычных раўндаў. Перад удзельнікамі на экране была прадстаўлена табліца з пяццю раздзеламі, кожны з якіх утрымліваў пытанні рознай складанасці — ад 10 да 50 балаў. Чым вышэй кошт пытання, тым больш ведаў патрабавалася для правільнага адказу.

Раздзел “Тлумачальнік” прапаноўваў растлумачыць значэнне рэдкаўжывальных слоў: зімнік, шыба, верашчака, сцірта, лузан. Маладыя людзі з цікавасцю спрабавалі адгадаць, што хаваецца за старадаўнімі назвамі.

У раздзеле “Перакладчыкі” трэба было хутка знайсці рускія адпаведнікі такіх слоў, як “хмарачосы”, “пыска”, “кавярня”, “абцас”, “імбрычак”. Гэта заданне выклікала жвавую дыскусію і паказала, наколькі блізкія дзве мовы і разам з тым у чым іх адметнасць.

“Этнаграфічны” раўнд стаў сапраўдным падарожжам у мінулае: на экране з’яўляліся выявы прадметаў народнага побыту, і трэба было дакладна іх назваць. Удзельнікі з задавальненнем пазнавалі знаёмыя з дзяцінства рэчы.

Раздзел “Прадоўжы твор” правяраў веданне класічнай беларускай паэзіі: пачуўшы пачатак верша, каманды павінны былі ўспомніць працяг радкоў вядомых аўтараў.

“Лінгвістычны” раўнд стаў выпрабаваннем на ўважлівасць і разуменне тэксту: прагучаў аўдыязапіс, і ўдзельнікі вызначалі, пра што ідзе гаворка, аналізуючы моўныя асаблівасці.

Гульня прайшла ў цёплай і сардэчнай атмасферы. Маладыя людзі паказалі добрыя веды роднай мовы, яе лексікі, гісторыі і культуры. Журы ўважліва сачыла за ходам спаборніцтва і падлічвала балы. Па выніках усіх раўндаў перамагла каманда “Васількі”, але мы лічым, што дружба і ўзаемапавага. Удзельнікі атрымалі задавальненне ад працэсу і яшчэ раз пераканаліся, наколькі прыгожая і багатая беларуская мова.

Падобныя мерапрыемствы спрыяюць выхаванню цікавасці да моўнага багацця беларускага народа, выхоўваюць павагу да роднага слова і дапамагаюць захаваць культурныя традыцыі для будучых пакаленняў.