«Эдэм» упрыгожыў «Горад-сад». Кампазіцыя «Эдэм» аўтарства супрацоўнікаў ляхавіцкага камунгаса прызнана лепшай на рэспубліканскім конкурсе

Не толькі ляхавічане, але і госці нашага горада могуць любавацца прыгожымі кампазіцыямі, архітэктурнымі формамі, вясёлкавымі клумбамі, створанымі майстрамі ландшафтнага дызайну – работнікамі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Свой творча-фантазійны аўтограф у выглядзе кветкавых кампазіцый з году ў год ляхавіцкія камунальнікі пакідаюць у сталіцах абласных «Дажынак», дзе традыцыйна праходзіць конкурс.

На пачатку чэрвеня ў Брэсце ўпершыню праводзіўся конкурс ландшафтнага мастацтва «Горад-сад». У кожнай з намінацый на перамогу прэтэндавалі па дзясятку прадстаўнікоў розных раёнаў краіны. Зразумела, тым каштоўней перамога. У намінацыі «Фестываль кветак» Ляхавіччына прадставіла кампазіцыю «Эдэм», Гэта задумка майстра ўчастка добраўпарадкавання Ляхавіцкай ЖКГ Святланы Саласцеевай, а ўвасобіў яе ў жыццё наш таленавіты зямляк рабочы зялёнага будаўніцтва камунгаса Аляксандр Капуза.
– Прыдумвалі кампазіцыю, каб яна магла прыгожа ўпісацца ў брэсцкія вуліцы. Важна яшчэ было выканаць усе ўмовы конкурсу, з чым мы і справіліся. Карэта, паўлін, вертыкальнае азеляненне і рознакаляровы кветкавы дыван – аснова нашай работы, – расказвае Святлана
Саласцеева.Кампазіцыя «Эдэм» прызнана лепшай у сваёй намінацыі, а яе аўтары атрымалі дыпломы пераможцы і захапляльныя водгукі. Ведай нашых!
– Вельмі прыемна, што ў нашым любімым Брэсце сярод гарадскіх адметнасцей будзе і наша кветкавая кампазіцыя. Гэта падарунак ад ляхавічан, зроблены з любоўю і натхненнем. Спа-дзяюся, што наша работа будзе радаваць, – адзначае Святлана Саласцеева.

Галіна КАНЬКО.