110 хлопчыкаў і дзяўчынак са спартыўна-аздараўленчага лагера «Каласок» пры Ляхавіцкай ДЮСШ на сняданак, абед і падвячорак спяшаюцца ў рэстаран “Ластаўка”.
”Каласок” спяшаецца ў “Ластаўку”
Адпачынак у аздараўленчым летніку — гэта не толькі цікава правесці вольны час, гульні, конкурсы, паходы і экскурсіі. Ёсць і яшчэ адзін важны аспект — харчаванне. Адпачываючыя прышкольных выхаваўча-аздараўленчых летнікаў харчуюцца ў школьных сталовых. А вось 110 хлопчыкаў і дзяўчынак са спартыўна-аздараўленчага лагера «Каласок» пры Ляхавіцкай ДЮСШ на сняданак, абед і падвячорак спяшаюцца ў рэстаран “Ластаўка”.

Дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч адзначае, што юным спартсменам падабаюцца стравы, якія гатуюць у “Ластаўцы”.

— Не першы год райпо займаецца арганізацыяй харчавання дзяцей падчас летняй аздараўленчай кампаніі. І сёлета з 2 па 18 чэрвеня тройчы на дзень гатуем розныя стравы для выхаванцаў летніка “Каласок” ДЮСШ. Падыходзім да гэтага пытання вельмі сур’ёзна. Пад кантролем кожная дробязь. Распрацоўваецца двухтыднёвае меню з улікам спецыяльнага зборніка тэхналагічных карт страў і вырабаў для харчавання навучэнцаў. Прадукты заўжды якасныя. Стравы гатуюцца ў рэстаране “Ластаўка”, дзе і харчуюцца рабяты,- расказвае начальнік сектара кадрава-прававой і ідэалагічнай работы райпо Аксана Трасюк.
Дарэчы, харчаванне летнікаўцаў не паўплывала на аказанне традыцыйных рэстаранных паслуг для жыхароў і гасцей горада. Па-ранейшаму ў будні тут можна прыйсці на абед, у тым ліку комплексны, прадаўжаецца і практыка заказу абедаў у ланч-боксах — як для навучэнцаў і выкладчыкаў аграрнага каледжа, так і для ўсіх жадаючых.
Галіна КАНЬКО.



