Самы важны аўтарытэт. Гэта пра ляхавічаніна Рамана Свінабурку

Самы смелы, самы дужы, самы вясёлы, самы надзейны – наш тата.
Так і толькі так сцвярджае 10-гадовы ляхавічанін Яраслаў Свінабурка. І не толькі таму, што тата Раман Свінабурка мае прафесію Радзіму абараняць: служыць у адной з вайсковых часцей Баранавічаў. З дзіцячай непасрэднасцю свайго старэйшага браціка падтрымлівае і трохгадовы Кірыл. Раман Свінабурка для сваіх сыноў не толькі галоўны аўтарытэт, але і верны старэйшы сябар, якому можна даверыць дзіцячыя тайны, ён заўсёды ўважліва выслухае і абавязкова вырашыць любое пытанне. І бацькі, і дзеці з лёгкай рукі Рамана адпраўляюцца ў падарожжы па Беларусі на ўласным аўтамабілі, які дарэчы абслугоўвае не горш за любога аўтамайстра галава сям’і. Увогуле, актыўны адпачынак – адзін з любімых у сям’і Свінабуркаў. Муж і жонка прымаюць удзел у турыстычных злётах у складзе каманды ААТ «Жарабковічы» (у гаспадарцы Ірына працуе бухгалтарам), любяць ціхае паляванне. Раман Свінабурка – апантаны рыбалоў-аматар. Яго самы вялікі ўлоў – шчупак вагой 9,8 кілаграма. Захапленне бацькі не першы год падтрымлівае і старэйшы сын. Неаднойчы ездзілі і на начную рыбалку. Ёсць у мужчынскай паловы сям’і яшчэ адзін агульны занятак – спорт. Бацька з дзяцінства займаецца футболам, любоў да гэтага віду спорту прывіў і Яраславу, які трэніруецца ў Ляхавіцкай СДЮШАР. На заняткі сына прыводзіць бацька, а калі выдаецца вольная хвіліна,
то абавязкова паганяе з сынам мяч. Як адзначае Свінабурка-старэйшы, калі падрасце Кірыл, то ў сям’і будзе тры футбалісты. Хаця і сёння на футбольным полі можна ўбачыць разам два пакаленні Свінабуркаў. Майстар на ўсе рукі – так па праве можна сказаць пра Рамана Свінабурку. Уся мужчынская работа – на ім. Але пры неабходнасці можа прыгатаваць шыкоўны абед, удаюцца яму любыя стравы, асабліва дамашнія любяць яго супы і смажаную рыбу.
– Разумею, наколькі нялёгка маёй Ірыне спраўляцца з мужчынскай паловай сям’і. Таму стараюся заўжды ёй дапамагаць, падтрымліваць. Вучу сваіх хлопчыкаў і паказваю ім уласным прыкладам, што маму трэба берагчы, клапаціцца пра яе. Ганаруся сваёй сям’ёй. Яна ў мяне самая-самая, – гаворыць Раман Свінабурка.