Наш мужчынскі саюз. Так пра сябе і дзяцей гаворыць ляхавічанін Алег Місюк

– У мяне два цудоўныя сыны – Яраслаў і Павел! – з гонарам і пяшчотай гаворыць ляхавічанін Алег Місюк і дадае: – Яны такія розныя, але і адначасова вельмі падобныя, з імі ніколі не бывае сумна, наадварот, што ні дзень, то абавязкова даведваешся нешта новае. І хаця розніца ва ўзросце ў іх сем гадоў, хлопчыкі вельмі сябруюць паміж сабой.
Кожную раніцу Місюк-старэйшы адводзіць пяцігадовага сына Паўла ў дзіцячы сад № 3, па дарозе паспяваюць шмат чаго абмеркаваць, а яшчэ, напрыклад, восенню сабраць букецік прыгожых лісцікаў у падарунак маме. Увогуле, у іх сям’і мужчыны любяць дарыць падарункі самай любімай у свеце маме і жонцы. І бясспрэчныя прыдумшчыкі – дзеці. Якія толькі сюрпрызы не ініцыююць яны для мамачкі!
З Яраславам разабрацца са складанымі задачкамі і парыбачыць, з Паўлам заняцца рамонтам ці ўскапаць агарод, з абодвыма пакатацца на веласіпедзе ці прыбрацца ў кватэры – такая яна, паўсядзённая бацькоўская работа. Усе гэтыя клопаты ён лічыць прыемнымі і ў радасць. Алег Місюк працуе намеснікам дырэктара ПВУП «Трансэлектрабуд», пасада адказная і напружаная, забірае нямала часу. Але ў абавязковым парадку субота і
нядзеля аддаюцца выключна сям’і. Мужчына ўпэўнены: самы лепшы адпачынак – праводзіць час разам з сям’ёй.