Пра выратавальнікаў у вершах і малюнках

Навучэнец СШ № 1 г. Ляхавічы Глеб Сідор у абласным аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці «Выратавальнікі вачамі дзяцей» заняў трэцяе месца. «Бронзу» яму прынёс верш «Балада аб МНСніке».
Узнагароды за папулярызацыю асноў бяспекі жыццядзейнасці, яркае адлюстраванне прафесіі пажарных школьнікам і прадстаўнікам СМІ ў мінулы аўторак уручылі ў міжнародным валанцёрскім цэнтры юных выратавальнікаў абласнога ўпраўлення МНС. Пераможцаў і прызёраў урачыста ўшаноўвалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Юрый Прасмыцкі, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Алег Лашко.
Конкурс, арганізатарам якога выступае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, штогод прыцягвае да ўдзелу ўсё больш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёлета творчы іспыт прайшоў 21-ы раз і сабраў больш за 3000 малюнкаў, плакатаў, вырабаў, мадэляў пажарнай тэхнікі, сачыненняў, казак, вершаў і г.д. З дапамогай разнастайных матэрыялаў і тэхнік рабяты выказалі сваё бачанне высакароднай прафесіі выратавальніка, падагульнілі веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці, правілах пажарнай бяспекі. Журы пры ацэнцы ўлічвала арыгінальнасць, эстэтычнае афармленне, сэнсавае напаўненне.
Больш за сорак школьнікаў з усіх раёнаў вобласці, сярод якіх і наш Глеб, атрымалі падарункі, а ў дадатак – захапляльную экскурсію ў Брэсцкі музей чыгуначнай тэхнікі.
Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар РАНС.