Пакарыцелі мясцовага «Эверэста». Рабяты з аб’яднання па інтарэсах «Турызм і скалалажанне» тры разы на тыдзень пакараюць наш мясцовы «Эверэст», што размясціўся ў СШ № 1

Узняцца па сцяне на вышыню шэсць метраў за некалькі секунд і хутка спусціцца назад. Думаеце, на такія «подзвігі»здольны толькі Чалавек-павук з коміксаў? А вось і не! Не выкарыстоўваючы ніякіх звышздольнасцяў, рабяты з аб’яднання па інтарэсах «Турызм і
скалалажанне» тры разы на тыдзень пакараюць наш мясцовы «Эверэст», што размясціўся ў СШ № 1.

Адсутнасць гор – не праблема для тых, каго вабіць рамантыка альпінізму. Навучыцца скалалажанню пры жаданні можна і на скаладроме. Ён практычна імітуе горны рэльеф.

Скаладром у нашым горадзе з’явіўся нядаўна. Аб’яднанне па інтарэсах «Турызм і скалалажанне» на базе СШ № 1 стартавала ў верасні 2019 года. Абсталяванне каштавала раённаму бюджэту 5600 рублёў.

Зараз у гуртку арганізаваны дзве групы (па 14 чалавек у кожнай). Узрост аматараў скалалажання розны: самы юны гуртковец вучыцца ў трэцім класе, прыходзяць пакараць вяршыні і дарослыя.

Заняткі праходзяць пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Генадзія Бычкоўскага і Міхаіла Бубнова, якіх не адзін дзясятак гадоў экзаменавалі злёты і турыстычныя паходы.

Трэніроўкі праходзяць па двух напрамках: на хуткасць і на складанасць.

На хуткасць рабятам трэба як мага хутчэй залезці на вяршыню скаладрома. Каменьчыкі на скаладроме размаляваны ў розныя колеры, і, калі праходзіць трэніроўка на складанасць, забрацца на вяршыню трэба чапляючыся і трымаючыся за каменьчыкі аднаго колеру.

Юныя скалалазы з задавальненнем дэманструюць свае ўменні. Шэсць секунд – і навучэнец школы № 1 Данііл Галуска махае рукой з вяршыні.

Вялікая ўвага – тэхніцы бяспекі. У дапамогу гімнастычныя маты, ёсць страхоўка і  шлемы.

На пытанне, чаму абралі менавіта гэты занятак, рабяты адказваюць парознаму: для іншых гэта добрая фізічная трэніроўка, кагосьці прыцягнула эксклюзіўнасць аб’яднання, хтосьці проста прыйшоў паспрабаваць і «ўцягнуўся».

Ляхавіцкая каманда паспяхова паказала сябе на абласных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Пінску. Навучэнка СШ № 1 Дар’я Нядбайлік стала двайным прызёрам у лажанні на хуткасць і складанасць разам з Валерыяй Таўрагінскай. Яны выканалі III юнацкі разрад па скалалажанні.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.