Абясшкодзіць гудучых «суседзяў». Куды звяртацца, калі выявілі на сваёй тэрыторыі гняздо джаланосных

З надыходам цёплага надвор’я актывізуюцца і насякомыя. Гудзенне пчол у квітнеючых кронах дрэў выклікае замілаванне – працаўніцы займаюцца апыленнем – значыць, будзе ўраджай. Але суседства з некаторымі лятучымі і гудучымі можа стаць небяспечным. Шэршні і восы здольны прынесці многа непрыемнасцяў, асабліва, калі для будаўніцтва сваіх гнёздаў выбіраюць чалавечае жыллё. Пры гэтым «суседзі»- насякомыя настроены не вельмі дружалюбна і гатовы атакаваць любога, хто паспрабуе наблізіцца да гнязда…

Куды звяртацца, калі выявілі на сваёй тэрыторыі гняздо джаланосных? Дастаткова патэлефанаваць у РАНС па нумарах 101 або 112 і растлумачыць сітуацыю.

Дарэчы, у мінулым годзе выратавальнікі 70 разоў выязджалі на ліквідацыю гнёздаў насякомых.

– Калі ёсць прамая пагроза чалавеку (напрыклад, насякомыя асталяваліся каля дзіцячай пляцоўкі), то выратавальнікі выязджаюць неадкладна. Калі прамой пагрозы няма, то ліквідацыю адкладаюць на вячэрні час, калі ўсе насякомыя збяруцца ў гняздзе, – гаворыць намеснік начальніка РАНС Сяргей Мухарэўскі.

Аперацыю праводзіць супрацоўнік РАНС у спецыяльнай экіпіроўцы, якая абараняе ад балючых укусаў насякомых. На гняздо хутка накідваюць мяшок, перацягваюць шнуром каля асновы, каб увесь рой застаўся ў гняздзе. Затым зразаюць гняздо ў месцы мацавання.

Упакаванае такім чынам гняздо з насякомымі ўжо не ўяўляе небяспекі.
Месца, дзе было прымацавана жыллё джаланосных, апрацоўваюць спецыяльным сродкам.

Былі выпадкі, калі выратавальнікам даводзілася абясшкоджваць змей. Часцей за ўсё яны запаўзаюць на дачы, у дамы сельскіх жыхароў.

І не важна, хто запоўз «пагасцяваць» – ядавітая змяя ці бяскрыўдны вуж –выратавальнікі адпраўляюцца на дапамогу. Для гэтага ў іх таксама ёсць прыстасаванні.

Як адзначаюць у РАНС, выклік на дом каманды для ліквідацыі насякомых бясплатны. І даюць яшчэ некалькі парад, як паводзіць сябе з джаланоснымі насякомымі.

◄Не падыходзьце блізка да рою пчол,вос і чмялёў без спецыяльнага адзення і, наогул, не рабіце рэзкіх рухаў, знаходзячыся побач з гэтымі насякомымі, не размахвайце рукамі, галавой, не бегайце.

◄Калі пчала, аса або чмель селі вам на руку, паспрабуйце проста акуратна змахнуць насякомае іншай рукой.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва РАНС.