Праграма на лета. Удакладняецца працоўны графік «Чайкі»

Праграма летняга аздараўлення ў цэнтры ўвагі дарослых. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі яна пакуль карэкціруецца. У школах раёна педагогі правялі маніторынг па вывучэнні запытаў рабят і іх бацькоў наконт канікулярнага адпачынку. Летняе аздараўленне арганізоўваецца згодна інтарэсаў і пажаданняў, адзначыла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Васілеўская.
Мяркуецца, што прышкольныя лагеры будуць працаваць ва ўсіх гарадскіх установах адукацыі, у Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, Ліпскай, Начаўскай і Навасёлкаўскай школах. Пры наяўнасці заяў арганізуюць іх у іншых СШ.
Удакладняецца працоўны графік «Чайкі». Дзве змены будуць звычайныя, працягласцю 18 дзён, і дзве – спартыўныя дзевяцідзёнкі.
Застаецца запатрабаванай другасная занятасць. Прадугледжваецца, што дзесяць атрадаў па добраўпарадкаванні зоймуцца навядзеннем чысціні на прышкольнай тэрыторыі і г. д. Сродкі на другасную занятасць выдаткоўваюцца з пазабюджэтнага Фонду сацабароны. Жаданне спалучыць прыемнае з карысным выказалі крывошынскія школьнікі і рабяты з СШ № 2 – для іх лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем.
Па традыцыі, у летні час у кожнай школе можна наведаць спартпляцоўку і знайсці занятак у рознаўзроставым атрадзе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.