15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Востраў мужнасці і смутку (яго яшчэ называюць Востравам слёз) — месца пасярод ракі Свіслач побач з Траецкім прадмесцем у Мінску. Тут заўсёды жывыя кветкі. «Сынам, загінуўшым у Афганістане, узведзены гэты храм-помнік па даручэнні беларускіх маці, якія не жадаюць, каб зло панавала ні на сваёй, ні на чужой зямлі» — словы-запаведзь назаўжды…
Ветэранаў баявых дзеянняў, воінаў-інтэрнацыяналістаў сёння наўрад ці адразу пазнаеш сярод тых, хто жыве побач. Яны працуюць, выхоўваюць дзяцей і ўнукаў, займаюцца грамадскімі справамі. А Афганістан нагадвае ім пра сябе ў трывожных снах. Пра яго не дазваляюць забыць магілы загінуўшых аднапалчан. Наогул, баявое братэрства, у тым ліку афганскае, — непарушнае, таму праз гады яны разам, дапамагаюць, падтрымліваюць і радуюцца поспехам адзін аднаго.
Нядаўна ў сродках масавай інфармацыі з’явілася інфармацыя: ветэран вайны ў Афганістане брастчанін Сяргей Жук атрымаў заслужаную ўзнагароду праз 25 гадоў пасля тых падзей. Ордэн «За службу Радзіме ў радах Узброеных Сіл СССР» герою ўручыў генеральны консул Расійскай Федэрацыі.
Цяпер на Брэстчыне пражывае каля 5 тысяч «афганцаў», 107 з 723 беларусаў, загінуўшых на той вайне, прызываліся на службу з нашай вобласці.
Сярод загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку і трое нашых землякоў: радавыя Уладзімір Малахвей і Святаслаў Мядзвецкі, прапаршчык Генрых Цыкман. Маладыя, дужыя, поўныя сіл і энергіі, яны апранулі вайсковую форму, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак. Ім давялося выконваць інтэрнацыянальны доўг, абараняючы незнаёмую краіну, якую ведалі толькі з урокаў геаграфіі і рэдкіх паведамленняў з газет, — Афганістан. Розным было даваеннае жыццё гэтых хлопцаў, але лёс наканаваў ім тое, што назаўсёды аб’яднала, — полымя афганскай вайны, якое не пакінула магчымасці вярнуцца дадому жывым.
…Выпускнік Сваятыцкай базавай школы Уладзімір Малахвей не доўга думаў, куды пайсці вучыцца. Паступіў у Ляхавіцкі саўгастэхнікум, нават паспеў папрацаваць у калгасе «Беларусь». А потым атрымаў павестку ў ваенкамат. 22 красавіка 1981 года пачаліся яго салдацкія будні. Уладзімір адразу пасля вучэбкі трапіў у Афганістан. Праз год і тры месяцы 23 ліпеня 1982 года пры выкананні баявога задання старшы санітар Малахвей загінуў. За мужнасць ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Можна толькі здагадвацца, як балела сэрца маці, калі яна атрымала гэту трагічную вестку… 30 гадоў прайшло з таго часу, як загінуў Валодзя Малахвей, але і сёння ён у памяці сястры Святланы і брата Аляксандра, якія жывуць у Ляхавічах, у памяці землякоў. Па крупінках збіралі ў Сваятыцкай школе ўспаміны пра Уладзіміра, піянеры наведвалі маці салдата, прыносілі кветкі на магілу. І цяпер беражліва захоўваюць памяць пра свайго героя-земляка.
…Слава Мядзвецкі быў душой кампаніі тальмінавіцкай моладзі, якая часта збіралася ў доме Мядзвецкіх — пагутарыць, паслухаць і паспяваць пад гітару, на якой так добра іграў гаспадар. Ён не цураўся ніякай работы, як сапраўдны вясковы хлопец. А мара ў яго была што ні ёсць мужчынская — стаць ваенным. Адправіў дакументы ў ваеннае вучылішча, але, чамусьці не дачакаўшыся выкліку, паступіў вучыцца на фатографа ў Брэст. Праз некалькі дзён юнак атрымаў той доўгачаканы выклік, але мяняць прынятае рашэнне не стаў. А ў кастрычніку 1985 года яго прызвалі на службу ў армію. Усё было па заведзенай традыцыі: провады, слёзы развітання, наказ служыць годна і не забываць пра сваю сям’ю, сваю вёску. Моцна прыціснуўшы матулю да сябе, прашаптаў: «Я вярнуся хутка, два гады праляцяць непрыкметна…»
У перапынках паміж баямі на апаленай вайной афганскай зямлі Святаслаў пісаў дамоў пісьмы. Колькі ў іх было любві і пяшчоты, веры ў хуткую сустрэчу, расказаў пра сапраўдных сяброў і пры гэтым ніводнага песімістычнага слова ці скаргі. «Мама, тата, сястрычка, яшчэ 8 месяцаў — і я буду дома. Бог дасць, хутка сустрэнемся. У мяне ўсё будзе добра», — колькі разоў мама Святаслава Ядвіга Іосіфаўна разам з мужам Антонам Вікенцьевічам перачытвалі гэтыя радкі, як аказалася, апошняга пісьма сына. 13 лютага 1986 года, роўна 27 гадоў таму, радавы стралок-зянітчык Святаслаў Мядзвецкі загінуў пры выкананні баявога задання…
Ён назаўсёды застаўся маладым. А каля дома па-ранейшаму ў любую пару года прыветна махае галінкамі бярозка, калісьці ім пасаджаная.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фота з сайта http://murashova.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *