В Ляховичском районе подведены итоги и состоялось награждение победителей круглогодичной районной спартакиады трудовых коллективов

каманда СВК "Жарабковічы"

Са свайго роду комплексным марафонам можна параўнаць нашу спартакіяду. Чаму не, калі старты праходзяць фактычна на працягу ўсяго каляндарнага года, а кожны яго адрэзак ”спецыялізаваны” па відах і спартыўных дысцыплінах. Каб прайсці гэты марафон роўна і без рэзкіх падзенняў, каманда павінна знаходзіцца ў тонусе і ў зборы са студзеня па снежань. Што няпроста, безумоўна, з улікам прафесійнай занятасці работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў.
Важным складальнікам паспяховага спартакіяднага выступлення з’яўляецца і наяўнасць у камандзе рознабакова падрыхтаваных фізкультурнікаў — так бы мовіць, універсальных салдат спорту, хто б мог на аматарскім моцным узроўні выступіць па нейкай з дысцыплін як летняга, так зімовага этапаў спартакіяды. Апошні, напрыклад, уключае ў сябе лыжную эстафету, індывідуальную лыжную гонку, імправізаваны біятлон, сямейную эстафету, барацьбу на руках, більярд, шахматы. Этап летні не менш разнастайны і такі ж насычаны. Да ўсяго пералічанага, у рамках спартакіяды праходзіць турыстычны злёт, спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе. Найменшая сума месцаў па выніках кожнага асобнага выступлення і гарантуе перамогу ў генеральнай спартакіяднай класіфікацыі. У 2012 годзе такога поспеху дасягнула каманда СВК «Жарабковічы». Як заўважыў падчас узнагароджання галоўны суддзя спаборніцтваў дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Колас» Генадзій Новік, перамаглі за яўнай перавагай і ў многім дзякуючы ўмелай арганізацыі ў гаспадарцы фізкультурна-масавай і спартыўнай работы. «Жарабковічы», дарэчы, сталі адзіным сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна, чыя каманда прайшла спартакіядны марафон ад пачатку да канца. Прадстаўнікі гаспадаркі выступалі абсалютна ў кожнай з дысцыплін праграмы і ні ў адной з іх, як сведчаць пратаколы, не апускаліся ніжэй трэцяга месца.
На другое месца прабіліся спартсмены КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», трэцімі сталі прадстаўнікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».
У параўнанні з папярэдняй, спартакіяда-2012 засведчыла, на жаль, заметна меншую ўдзельніцкую актыўнасць. Па словах Генадзія Новіка, было 16 каманд- удзельніц замест 30-ці ў 2011 годзе.
А ўжо 24 лютага стартуе чарговая — 2013 года — раённая спартакіяда працоўных калектываў. Месца правядзення — стадыён гарадскога спарткомплексу «Колас». Куды і запрашаем за здароўем.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *