Хто прытаіўся ў траве?За пяць месяцаў 2020 года ў раёне кляшчы «напалі» на сем чалавек

З ранняй вясны да позняй восені ў траве і ў хмызняках прытаіліся маленькія істоты, якія могуць адным сваім укусам прынесці масу праблем. Кляшчы ўяўляюць немалую небяспеку для чалавека і жывёл, паколькі з’яўляюцца пераносчыкамі цэлага шэрага бактэрыяльных і вірусных інфекцый, і могуць стаць прычынай развіцця цяжкіх захворванняў – клешчавога энцэфаліту і Лайм-барэліёзу.

Як расказалі ў райЦГіЭ, за пяць месяцаў 2020 года ў раёне кляшчы «напалі» на сем чалавек. На шчасце, ніхто з іх ад каварных членістаногіх нічым не заразіўся. За аналагічны перыяд 2019 года ад насякомых пацярпелі 22 чалавекі, зарэгістраваны адзін выпадак хваробы Лайма.

Такое зніжэнне колькасці пацярпелых эпідэміёлагі звязваюць з дажджлівым і халаднаватым надвор’ем, якое трымалася да пачатку чэрвеня.

Як расказаў галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, у бліжэйшы час спецыяльнымі сродкамі ад паўзучых вампіраў будуць апрацаваны зоны адпачынку, парк і тэрыторыя каля гарадскога пляжа.
Але губляць пільнасці не варта. Спецыялісты райЦГіЭ раяць выконваць правілы, якія змогуць звесці да мінімуму верагоднасць быць укушаным кляшчамі.

Калі вы адпраўляецеся ў лес, адзенне павінна быць шчыльна запраўленым і зашпіленым. Пасля вяртання вопратку лепш за ўсё вытрасці. І абавязкова праверыць, ці не прысмактаўся клешч да цела.
Сачыце за парадкам на сваёй прысядзібнай тэрыторыі: абкошвайце траву, абразайце кусты.

Калі ж паразіт усё ж такі прысмактаўся, яго трэба акуратна выдаліць ці звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Лячэнне, якое зніжае рызыку развіцця захворванняў, павінна быць пачата не пазней чым праз
72 гадзіны з моманту ўкусу кляшча.

Ірына КУЗЬМІЧ.