Маку ў кветніку не месца

Штогод міліцыя нагадвае ўладальнікам зямельных участкаў пра тое, што мак – расліна, забароненая для вырошчвання, збору і захоўвання. Тым не менш, знаходзяцца такія грамадзяне, якія наўмысна ці па няведанні выдзяляюць на сваім агародзе, у кветніку месца для яе. Між тым, мак з’яўляецца наркаўтрымліваючай культурай, і яго культываванне можа прынесці сур’ёзныя непрыемнасці.

Так, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях за сяўбу ці вырошчванне забароненых да гэтага раслін ці грыбоў, што ўтрымліваюць наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы, прадугледжвае папярэджанне ці штраф да 20 базавых велічынь (арт.16.1). І гэта ў тым выпадку, калі парушальнік не збіраўся прадаваць той жа мак ці рабіць з яго наркотыкі. Калі ж такія планы будуць даказаны, то наступіць крымінальная адказнасць. А гэта ўжо больш сур’ёзнае пакаранне: ад штрафу да арышту, абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. У выпадку, калі такія дзеянні ўчыняюцца паўторна ці групай асоб, тэрмін пазбаўлення волі можа павялічыцца да 15 гадоў (арт. 329 КК).
Немалымі адміністрацыйнымі штрафамі пагражаюць спажыванне ў грамадскім месцы наркатычных сродкаў ці з’яўленне ў стане наркатычнага ап’янення.
Дарэчы, за апошняе можа наступіць і крымінальная адказнасць. За паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання спажыванне без назначэння ўрача-спецыяліста наркатычных сродкаў ці псіхатропных рэчываў у грамадскім месцы, таксама як і за з’яўленне ў такім месцы ў стане, выкліканым іх спажываннем, знаходжанне на працоўным месцы пад уздзеяннем наркотыкаў ці псіхатропаў прадугледжаны штраф ці арышт, ці абмежаванне волі тэрмінам да двух гадоў  (арт. 328-2 КК).
Рэальныя тэрміны пазбаўлення волі можна атрымаць і за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Напрыклад, за іх выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку ці перасылку без мэты збыту (як кажуць – для сябе) «свеціць» абмежаванне волі да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, а з мэтай збыту – пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці. Ад васьмі да 15 гадоў пазбаўлення волі пагражае за такое злачынства, учыненае групай асоб, за продаж наркотыкаў на тэрыторыі ўстаноў адукацыі ці аховы здароўя, непаўналетнім і г. д. (арт. 328 КК).

Міліцыя звяртаецца да грамадзян з просьбай пры наяўнасці інфармацыі пра месцы вырошчвання канапель і маку (у тым ліку дзікарослыя зараснікі) паведамляць пра гэта па тэлефонах: 8-033-640-95-96 (МТС) – старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі РАУС, 102 ці 6-09-37 – аператыўна-дзяжурная служба РАУС або свайму ўчастковаму інспектару. Канфідэнцыяльнасць звестак гарантуецца.

Дзмітрый КОТАЎ, старшы оперупаўнаважаны РАУС.