1:0. COVID-19 не ў пераможцах. Гісторыя выздараўлення ад «веснікаўцаў»

– Добры дзень, гэта…..?
– Так гэта я. Добры дзень.
– Ваш тэст на COVID-19 станоўчы. Заставайцеся дома, хутка да вас прыедуць медыкі.
Вось і ўсё. Без панікі, гаварыла сама сабе, нічога страшнага, цяпер галоўнае вылечыцца і ўмацаваць арганізм…Так, якія таблеткі прымаць, каму званіць, з кім у апошні час мела зносіны – у галаве за адну хвіліну тысячы думак. Работа, вучоба,
да бацькоў абяцала заехаць, трэба ім патэлефанаваць.

Напэўна, гэта стандартная сітуацыя, у якую трапляюць тыя, хто вось так, па тэлефоне, даведаўся, што ўсё ж заразіўся гэтым каварным вірусам.
Я ў ліку тых, хто перанёс вірус дома… Здаецца, усё было, як пры звычайнай прастудзе. Балела галава, «заклала» нос, тэмпература павышалася, млявасць. Думалася, што гэта спякота так на мяне дзейнічае. Спачатку лячылася сама – спісвала ўсё на прастуду. Але тое, што сімптомы не праходзілі, а толькі ўзмацняліся, прымусіла звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу. Да таго ж калегі па працы таксама сталі адчуваць падобныя сімптомы…
І вось – COVID-19. Ізаляцыя на 21 дзень. Да бясконцага галаўнога болю далучыліся слабасць, высокая тэмпература, прапаў нюх. У такой сітуацыі справіцца з эмоцыямі, перажываннямі, не самымі пазітыўнымі думкамі атрымалася не адразу.
Шчыра прызнацца, людзі ў белых халатах гэтым часам сталі самымі чаканымі гасцямі па дамашнім адрасе. Яны не толькі сачылі за станам здароўя, назначалі лекі і падбіралі лячэнне, заўсёды тэлефанавалі і цікавіліся самаадчуваннем, але і проста падбадзёрвалі патрэбным словам. На кожнае пытанне (а калі ты хварэеш, іх проста тысячы) –
разгорнуты адказ, як і што можна, а што не. Здаецца, дарослы чалавек, усе разумееш. Але перад хваробай становішся бездапаможным панікёрам, перастрахоўшчыкам. І нават
з такім чалавекам медыкі здолелі справіцца. Чарговы раз на пытанне «я папраўлюся? Усё будзе добра?» яны, як сапраўдныя псіхолагі, адказваюць, што робяць усё магчымае. Ад гэтага станавілася лепш.
Урачы планава прыязджалі на агляд, медсястрычкі ў супрацьчумных касцюмах проста звышпрафесійна бязбольна бралі аналіз крыві. Тры тэсты далі станоўчыя вынікі, але ж з цягам часу пачалі знікаць сімптомы, самаадчуванне з кожным днём станавілася лепшым.
Напэўна, тыя, хто перахварэў ужо, мяне зразумеюць: звычайныя рэчы, на якія раней не звяртаў увагі, пры ізаляцыі адчуваюцца вельмі значна.
Калі раней кожны абедзенны перапынак спяшалася на сустрэчу з мамай, то падчас ізаляцыі ўсё абмежавалася тэлефоннымі званкамі. Прычым з двухбаковым пытаннем «як ты, родная?». Цяпер маглі гадзінамі што-небудзь абмяркоўваць па тэлефоне і планаваць, чым заняцца, калі ўсё скончыцца.
Калі так збіраўся з татам паехаць на рыбалку, цяпер толькі сэлфі ў мэсэнджарах. Думаецца, чаму не хапала часу раней, чаму ўсё адкладвалася на наступны тыдзень…
Хвалююцца ўсе. Бацькі, родныя, калегі, сябры. Штодзённыя размовы, словы падтрымкі, пажаданні адзін аднаму, бясконцыя паведамленні ў сацыяльных сетках – усё гэта набліжала перамогу над вірусам. Увогуле кожнае «любім», «трымайся», «засумавалі», «хутка ўбачымся» – лепшыя лекі на планеце.
А якія эмоцыі выклікалі пару кілаграмаў клубніц, пакінутых пад дзвярамі ад родных ці сяброў. Не перадаць словамі! Такімі простымі рэчамі лёгка сказаць словы падтрымкі і клопату.
Вірус літаральна змяніў звыклы расклад дня, для мяне так асабліва. Але навучыў многаму: кожны ў адказе не толькі за сябе, але і за тых, хто вакол. Агульная бяспека пачынаецца з асабістай. Па-другое, у мітусні дзён мы забываем гаварыць такія важныя, і ў той жа час простыя словы. Не чакайце ніякіх падзей ці нагодаў, набярыце нумар блізкіх і родных і проста пагаварыце. Сустракайцеся, дамаўляйцеся на кубачак кавы, цаніце моманты. Беражыце тых людзей, якім не трэба нагадваць пра сваё існаванне, якія ведаюць ваш нумар, ведаюць, што іх слова і простая прыемнасць узнімуць настрой. А яшчэ вандруйце. І ўмацоўвайце здароўе.
А мы перамаглі COVID-19!

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.