За мір і стабільнасць

Уважліва сачу за падзеямі, якія адбываюцца ў нашай краіне. Душа радуецца, што ў Беларусі на працягу многіх дзесяцігоддзяў мір і стабільнасць – гэта такая важная акалічнасць. Для нас, пакалення тых, хто нарадзіўся да Вялікай Айчыннай вайны ці адразу пасля яе, вельмі важна, каб нашчадкі ніколі не ведалі і не адчулі на сабе, што такое голад, разруха.
Сёння Беларусь – міралюбівая, спакойная краіна. Такую знешнюю палітыку гарантуе Кіраўнік дзяржавы.

А ўнутраная палітыка – сацыяльна арыентаваная, значыць, з клопатам пра народ. Пералік зробленага ўнушальны. Хто добра працуе – атрымлівае дастойную зарплату. Адкрываюцца новыя прадпрыемствы, ствараюцца дадатковыя рабочыя месцы, актыўна развіваецца прадпрымальніцтва. А колькі робіцца для раскрыцця творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі.
Асобна хачу сказаць пра дзяржаўную падтрымку пажылых беларусаў. Я дзесяць гадоў узначальваў раённы савет ветэранаў і магу пацвердзіць: клопат пра тых, хто цяпер на заслужаным адпачынку, – дзейсны. Сталыя землякі своечасова, без затрымак атрымліваюць пенсію. Пры складаных умовах ці нейкіх бытавых праблемах людзі могуць звярнуцца за атрыманнем матэрыяльнай дапамогі. Ствараюцца ўмовы, каб пенсіянеры не сумавалі, іх запрашаюць на разнастайныя мерапрыемствы. Папулярнае месца ў ляхавічан залатога ўзросту – аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян. І самі яны маюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Я таксама ніколі не быў раўнадушным назіральнікам за палітычным і грамадскім жыццём – больш за 30 гадоў землякі давяралі мне быць дэпутатам мясцовага савета дэпутатаў.
Яшчэ мне падабаецца, што значная ўвага надаецца адраджэнню культурных традыцый беларускага народа, рэстаўрыруюцца старыя сядзібы і культавыя будынкі, развіваецца турыстычны патэнцыял. Рады, што і я маю дачыненне да гэтага: разам з роднымі, неабыякавымі землякамі займаюся адраджэннем сядзібы Бохвіцаў.
Для мяне і маёй жонкі Ларысы Паўлаўны ніколі не паўстае пытанне: ісці на выбары ці не. А выбары Прэзідэнта і ўвогуле падзея для краіны лёсавызначальная. Ад голаса кожнага з нас залежыць заўтрашні дзень. Паслухаў праграмы большасці кандыдатаў. Але свой выбар зрабіў даўно: лічу, ад дабра дабра не шукаюць. Звычайна з жонкай прыходзім на выбарчы ўчастак у асноўны дзень галасавання, і на выбары Кіраўніка дзяржавы збіраемся таксама 9 жніўня. Калі будзем бачыць, што не атрымліваецца менавіта ў нядзелю, прагаласуем датэрмінова, але абавязкова выкажам сваю волю – скажам «так» шчасліваму сёння і дастойнаму заўтра.

Генрых ТРАЦЦЯК,
Герой Сацыялістычнай Працы